Атрымаць украінскі пашпарт беларусам і расіянам, якія ваююць ва УСУ, — задача з зорачкай. Міграцыйная служба ставіць палкі ў колы, не дапамагаюць нават суды, расказвае «Настоящее время».

«Тут на галаве рванула, разбурыла ўсё. Тут пласціна. Яшчэ адзін асколак у лёгкіх. Яго ніхто не дастае», — з цяжкасцю падбірае Андрэй Дударэнка ўкраінскія словы на чарговым медыцынскім абследаванні пасля атрыманага ранення.
Мужчына раз-пораз пераходзіць то на суржык, то на рускую. Ён — расіянін.
З Расіі з’ехаў яшчэ да 2022 года, жыў і працаваў у Мікалаеве. А калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне — пайшоў добраахвотнікам ва ўкраінскую армію.
«Сястра мне сказала: ты глядзі ўважліва ў аптычны прыцэл, можа, убачыш кагосьці знаёмага або роднага. Я папярэдзіў усіх, што жалю не будзе. Мой першы камбат Куцын Алег Іванавіч, камандзір Карпацкай сечы, казаў: ты адзіны маскаль, з якім мне падабаецца служыць».
Андрэй ваяваў у Харкаўскай і Данецкай абласцях. Раненне атрымаў у Салядары — у баі з вагнераўцамі.
«Ні ўспышкі, ні болю. Толькі ногі нада мной. Раненне было — граната на галаве рванула. А плячо, відаць, было зламанае, калі было раненне», — успамінае вайсковец УСУ.
З гэтага моманту пачалося яго выпрабаванне на ўкраінскі патрыятызм. Расійскага пашпарта ў Андрэя ўжо няма, замежны пашпарт пратэрмінаваны. Ва Украіне ён жыве з відам на жыхарства і вайсковым білетам.
Паводле ўкраінскіх законаў расіянін з кантрактам УСУ і ўзнагародамі за службу можа атрымаць украінскае грамадзянства. Андрэй падаў дакументы.
Не так даўно валанцёры прапанавалі Андрэю лячэнне і рэабілітацыю ў Чэхіі. І пачалі высвятляць, як гэта арганізаваць. У выніку выявілася, што ні адно аддзяленне міграцыйнай службы не атрымала дакументаў Дударэнкі: ні ўзнагародных дакументаў, ні загадаў пра звальненне, ні кантракта з УСУ.
«Сутыкнуліся з тым, што мы яго наогул не можам вывезці. Пашпарт адсутнічае, а без пашпарта — ніяк. Гэтыя людзі як у клетцы. Мы цяпер не разумеем, што зрабіць, каб яму дапамагчы, каб прынялі ягоную заяву на грамадзянства», — кажа адзін з валанцёраў.
У сваіх спадзяваннях атрымаць украінскі пашпарт Андрэй не адзін.
«У мяне ёсць тры медалі: за цяжкае раненне, за любоў да Украіны, за Бахмут. І вось у мяне ёсць цэлая куча і грамат, і ўзнагарод. Але гэта ні на што не ўплывае», — расказвае баец з пазыўным Самурай.
Свой твар хавае — ягоныя сваякі дагэтуль у Расіі.
Да поўнамаштабнага ўварвання ён доўга жыў ва Украіне, у 2020 годзе нават атрымаў часовае пасведчанне грамадзяніна — гэта амаль грамадзянства, але яшчэ не пашпарт.
У 2022-м Самурай пайшоў ваяваць. У Бахмуце атрымаў цяжкае раненне. Пасля лячэння спатрэбіўся пашпарт. Але ў міграцыйнай службе патлумачылі: трэба спачатку адмовіцца ад расійскага грамадзянства.
«А выйсці з грамадзянства Расіі — гэта альбо прыехаць у амбасаду, якіх тут няма, альбо ў іншую краіну, але замежны пашпарт у мяне скончыўся, я прыехаць не магу. І калі я і прыйду ў амбасаду, усе даведаюцца, што я служу ў УСУ, а гэта тэрарызм у Расіі. 15−20 гадоў турмы», — расказвае Самурай.
Ён нават судзіўся, каб даказаць сваё права быць украінцам. І ў яго ўжо ёсць некалькі выйграных справаў. Але гэта таксама не дапамагае:
«Я чую, што ёсць распараджэнне сакрэтнае рускім і беларусам, хто ваюе, не даваць грамадзянства. На саміх судах яны просяць: мы прадстаўляем дзяржуладу, не дазваляйце, не давайце магчымасці яму падаваць дэкларацыю, у нас ўстаноўка агульная па ўсіх».
Юрысты, якія займаюцца пытаннямі грамадзянства, пацвярджаюць: у тэорыі ў асобных выпадках падчас ваеннага становішча ва Украіне атрымаць украінскі пашпарт замежніку, асабліва расіяніну, можна, але па факце гэта задача са зорачкай.
«Мы сутыкаемся з нежаданнем дзяржаўнай міграцыйнай службы пайсці насустрач і дапамагчы вайскоўцам атрымаць грамадзянства. На жаль, калі яны чуюць „пашпарт Расійскай Федэрацыі“, то ўсё, далей ніхто разбірацца не будзе. Вораг — не вораг, ставяць палкі ў колы, — кажа адвакатка Дар’я Тарасенка. — У мяне ёсць кліент, па якім ёсць пазітыўнае рашэнне суда. З такім рашэннем мы маглі б атрымаць пашпарт Украіны. Ён вайсковец. І мы ўжо год не можам дабіцца пашпарта грамадзяніна Украіны. Пазіцыя міграцыйнай службы: едзьце ў Расію і там выходзьце з расійскага грамадзянства».
Ва ўкраінскай Вярхоўнай радзе разглядаюць закон, які дазволіць вайскоўцам без украінскага пашпарта выязджаць за мяжу. Мэты могуць быць розныя — на лячэнне або ў амбасаду для адмовы ад грамадзянства. Але юрысты пагаджаюцца: ва ўкраінскіх рэаліях закон без палітычнай волі працаваць не будзе.
«Мы змагаемся за тое, каб у гэтых людзей было пасведчанне, праязны білет, за кошт якога, калі ў цябе няма пашпарта, Украіна выпусціць і потым назад пусціць. Мы вельмі хочам, каб гэтая працэдура для вайскоўцаў і ветэранаў не была такой расцягнутай. Гэта можа быць паўгода, дзесяцігоддзе. І ты не ведаеш выніку», — кажа Тарасенка.
Днямі Андрэй атрымаў чарговую адмову ад міграцыйнай службы на выезд на лячэнне.
«Настоящее время» таксама звярнулася туды з запытам, але адказу няма.
Тым не менш пра свой жыццёвы выбар ваяваць за Украіну Андрэй не шкадуе. Кажа, інакш не мог: «Калі мяне пытаюць мае ж пабрацімы: а калі вярнуць час назад у 2022 год, што б ты зрабіў? Я кажу: я б гэтак жа пайшоў. Гэтак жа добраахвотнікам. Нават калі я магу нос да носа сустрэцца з родзічамі. Я не бачу нічога іншага».