Пакуль ААН называе адной з галоўных прычын усвядомленай адмовы ад бацькоўства няўпэўненасць у будучыні (у першую чаргу фінансавую), улады ў катастрафічным падзенні нараджальнасці вінавацяць нежаданне беларусаў і беларусак «паднаціснуць». А яшчэ наракаюць на «заходні» ўплыў, пад якім звычайна разумеюць погляды чайлдфры. На самай жа справе ўлады, падобна, зусім не імкнуцца ўбачыць рэальную сітуацыю. Чытачкі «Люстэрка», якія не наважваюцца на дзіця, але ў цэлым не супраць стаць маці, адказалі дзяржаве — публікуем іх меркаванні.

Яўгенія (імя змененае), 36 гадоў: сродкі абмежаваныя, а на мужчыну складана спадзявацца
— Не дазваляе нараджаць абсалютная няўпэўненасць у тым, ці змагу я пракарміць нават адно дзіця сваімі сіламі. У майго партнёра ёсць дзіця ад папярэдняга шлюбу. Так што пытанне, ці будуць у нас агульныя дзеці, хутчэй залежыць ад мяне. Наважуся — завядзём, не наважуся — значыць, не.
Мой мужчына — чалавек надзейны і нармальны. Але я лічу, што разлічваць пасля нараджэння дзіцяці магу толькі на сябе. Мы можам расстацца, з ім можа нешта здарыцца, ён можа страціць працу. А спажывецкае стаўленне да жанчыны з боку дзяржавы жахае.
Цяжарнасць і роды — гэта цяжкія працэсы, якія непазбежна звязаныя са стратай здароўя. Калі за дзіцячай смяротнасцю ў нас сочаць, то здароўе жанчыны пасля родаў ужо нікога не хвалюе. Цяжкія пасляродавыя дэпрэсіі ігнаруюцца. Для мяне стала велізарным шокам тое, што мая суседка па пад’ездзе звяла рахункі з жыццём пасля родаў. Я знаёмая з яе сваякамі. І сама я не хачу з гэтым сутыкнуцца.
Да таго ж я працую ў бюджэтнай сферы, і маёй зарплаты, якая складае каля 1500 рублёў (гэта больш чым на 1000 рублёў менш за сярэднюю па краіне. — Заўв. рэд.), ледзь хапае, каб пракарміць саму сябе. Такіх грошай не хопіць нават на тое, каб нармальна вылечыць зубы пасля цяжарнасці. Пра выхаванне дзіцяці на такія грошы і казаць няма чаго.
Некаторыя «добразычліўцы» рэкамендуюць спадзявацца на партнёра і распісацца: ён корміць, а я на гаспадарцы сяджу. Але гэта простая дарога да фінансавай залежнасці з усімі наступствамі ў выглядзе непавагі і нават аб’юзу. Ды і зноў жа: муж сёння ёсць, а заўтра, не вытрымаўшы нягодаў побыту, можа знікнуць у тумане. Мужчыну дастаткова пакласці пару рублёў на рахунак цягам некалькіх месяцаў, каб унікнуць адказнасці за нявыплату аліментаў. У выніку дзіця давядзецца гадаваць адной. Калі б існаваў заканадаўчы механізм, які абараняе жанчын пасля разводу, як, напрыклад, у Ізраілі, то нараджаць было б не так страшна.
Маецца на ўвазе тое, што ў Ізраілі бацькі вымушаныя плаціць хаця б мінімальныя акрэсленыя законам аліменты на сваё дзіця (нават народжанага па-за шлюбам) незалежна ад памеру даходу. У гэтай краіне таксама існуе інстытут паручальніцтва, які дазваляе спаганяць аліменты з гарантадаўца, калі бацька іх не плаціць. Таксама ў выпадку нявыплаты грошай на дзіця можна звярнуцца ў інстытут нацыянальнага страхавання Ізраіля — там могуць забяспечыць часовы аліментны мінімум.
Ніякіх гарантый ад дзяржавы ў мяне няма. Мне давядзецца самой з дзіцем на руках высвятляць даходы аліментніка і выбіваць хоць нейкую дапамогу. Ці ёсць у мяне сілы і жаданне гэтым займацца? Не.
Дык чаму я не нараджаю? Бо гэта прадпрыемства, у якім я гарантавана страчу здароўе, якую-ніякую, але фінансавую незалежнасць, магчымасць вучыцца і самарэалізоўвацца, а наўзамен атрымаю тры гады дэкрэту са стратай кваліфікацыі, брудныя падгузнікі і неаплатную хатнюю працу. Гэта кепская ўгода, і я ў ёй не ўдзельнічаю.
Ганна, 40 гадоў: спрабавала стаць маці, але за пяць гадоў так і не атрымалася
— З мужам мы разам ужо амаль 15 гадоў. Першыя гадоў шэсць пасля вяселля былі вельмі насычанымі: вельмі шмат працавалі, падарожнічалі. Жылі на арандаванай кватэры, знаходзіліся ў пастаянным руху. Дзяцей не планавалі — не таму, што былі супраць, проста не было такога ўнутранага настрою. Хацелася спачатку раскрыць свет для сябе. Нам падабалася нашае жыццё, і тады гэта здавалася цалкам натуральным.
Потым муж з’ехаў вучыцца за мяжу. Калі вярнуўся, з’явілася стабільная, добра аплачваная праца.

Усур’ёз задумаліся пра дзяцей, калі мне было 35. Але пасля некалькіх спробаў высветлілася, што не ўсё так проста. Дыягназаў, якія перашкаджаюць цяжарнасці, дактары не ставілі, але і выніку не было. Было чатыры спробы інсемінацыі (працэдура, калі сперму штучным спосабам уводзяць у полавыя шляхі жанчыны. — Заўв. рэд.), потым два ЭКА — і ўсё марна.
У 2022 годзе мы пераехалі ў адну з краін Еўрасаюза, але для правядзення ЭКА выбралі Турцыю. Узровень медыцыны ў той краіне, дзе мы жылі, у нас не выклікаў даверу. Цяпер у клініцы застаўся адзін эмбрыён, але надзей ужо няшмат: усё ж маладзейшымі мы не робімся, а спрабуем ужо пяць гадоў запар. Мы з мужам дамовіліся: калі не атрымаецца — значыць, не атрымаецца.
Я не драматызую. Магчыма, таму, што не лічу, што ўся сутнасць жыцця — у бацькоўстве. Гэта асабісты выбар, і ў кожнага ён свой. Так, хтосьці ўкладвае ў дзяцей душу, любоў, гады жыцця — але не факт, што атрымае гэта назад. Я не рву на сабе валасы і не плачу начамі. Я проста жыву і атрымліваю асалоду. Мы можам дазволіць сабе спаць да абеду, паехаць спантанна ў паездку, быць у цішыні, калі хочацца. Я належу толькі сабе. Гэта не адзінота — гэта свабода. І я цаню яе.
Да чайлдфры сябе дакладна не адношу. Проста так склалася: мы ж спрабавалі, хацелі. Але жыццё пайшло па-свойму. І ў гэтым жыцці — з усім, што ў ім ёсць і чаго ў ёй няма, — я адчуваю сябе на сваім месцы.
Ніхто — ні дзяржава, ні сваякі, ні грамадства — не мае права дыктаваць мне, як мне жыць і колькі ў мяне мусіць быць дзяцей. І дзякуй богу, у нашым атачэнні досыць інтэлігентныя людзі, якія не пытаюць: «Калі дзеці?» Часам, у глыбіні душы, я магу ціха парадавацца, што на мне няма цяжару адказнасці за дзіця, калі сябры перажываюць за школы, садкі, рэпетытараў, хваробы і іншае.
Гучыць, відаць, не вельмі, але мне ў кайф жыць свабодна. Муж таксама неяк моцна не хвалюецца, знаходзіць сябе ў сваіх праектах, паездках. Жывем сваё ціхае і бесклапотнае жыццё.
Надзея, 35 гадоў: жаданне стаць маці з’явілася, але палохае няпэўнасць
— Цяпер я жыву ў Чарнагорыі з мужам: мы з’ехалі з Беларусі ў 2021 годзе праз рэпрэсіі, спачатку ў Адэсу, а пасля пачатку вайны — сюды. Жанатыя мы больш 10 гадоў.
Пра дзяцей пачалі думаць яшчэ ў 2019 годзе, але потым пачалася пандэмія, выбары — час зусім непрыдатны. Пасля пераезду ў Адэсу вырашылі найбліжэйшыя пару гадоў адкладаць грошы, каб купіць ва Украіне жыллё. А да дзяцей планавалі вярнуцца, калі больш-менш адчуем сябе стабільней і фінансава, і юрыдычна. Калі ж зноў давялося пераязджаць — ужо ў Чарнагорыю, — першы год зноў пайшоў на тое, каб прыйсці ў сябе і вырашыць усе бюракратычныя пытанні.
І я, і муж раней працавалі з дзецьмі і лёгка з імі ладзім. Да 2020 года мы думалі будаваць дом у Беларусі, бо заўсёды пра яго марылі, і потым ужо пераходзіць да дзяцей. Мы хочам іх і цяпер, але ставімся да гэтага рацыянальна — магчыма, нават залішне.
Цяпер у нас няма асаблівай стабільнасці ў працы, хоць і праблем з тым, каб зарабіць грошай, таксама няма. Хутчэй спыняе агульная непрадказальнасць сітуацыі і колькасць вядомых нам складанасцяў, з якімі давядзецца сутыкнуцца, калі ў нас будзе дзіця.
Як мінімум мы не можам вярнуцца ў Беларусь і пры цяперашняй уладзе не збіраемся. Гэта дадае велізарную колькасць праблем. У нас дома няма. І цяпер ужо хутчэй не ў плане нерухомасці, а ў агульным сэнсе гэтага слова.
Дзіцяці патрэбныя ўвага, клопат і бацькі са здаровай псіхікай. Мы абое — людзі творчых прафесій і цэнім асабістую прастору. Калі працаваць з дому, яшчэ і з дзіцем, то ўся ідылія бурыцца. Ніякіх бабуль і іншых памочнікаў у нас не будзе. Трэба будзе балансаваць паміж эмігранцкімі праблемамі, працай, адносінамі, асабістымі інтарэсамі і гэтак далей.
Асобная праблема — пашпарт і немагчымасць яго памяняць, калі ён пратэрмінаваны. Гэта наогул чорная дзірка перажыванняў. Карацей, усё ўпіраецца ў нашае грамадзянства і сітуацыю. Але, з’язджаючы, я разумела, што гэты выбар дадасць нам складанасцяў і ва ўсяго ёсць свая цана.

Цяпер і я, і мой муж адчуваем, што «размнажацца» нібыта ненатуральна. Вядома, мы стараемся змяніць сітуацыю наколькі гэта магчыма. Я б вельмі хацела дзяцей, але я б не хацела, каб усё ператваралася ў адчайную спробу рэалізаваць сваё жаданне быць маці. Я разумею, што праз узрост нараджаць было б ідэальна ў найбліжэйшыя пару гадоў. Гэтая думка вісіць у мяне ў галаве.
Ёсць план пераехаць у краіну з вялікімі перспектывамі, але гэта зойме, відаць, яшчэ год-паўтара. Таму нам яшчэ трэба вывучыць гэтае пытанне і толькі потым прымаць рашэнне. Спадзяюся, мы зможам неяк выруліць, а калі не — такі шлях. Яшчэ многае можа змяніцца, стараемся быць гнуткімі.
Валерыя, 33 гады: проста не адчувае, што шчыра хоча дзяцей
— Дзяцей не хачу, але і чайлдфры сябе не называю. Не люблю крайнасці, ды і дапускаю, што маё меркаванне наконт гэтага можа памяняцца. Хоць і ў 25, і ў 29 гадоў таксама так думала, але з гадамі нібыта толькі пераконваюся ў правільнасці гэтага рашэння.
Дзеці — гэта каласальная адказнасць, да якой я дагэтуль не гатовая. Ад гісторый пра дзяцей па «залёце» валасы на галаве варушацца: не разумею, як можна настолькі бестурботна ставіцца да такога сур’ёзнага пытання — адказнасці за жыццё цэлага чалавека.
Яшчэ мяне вельмі палохае фізіялагічны працэс цяжарнасці і родаў. Чакаю не дачакаюся, калі навукоўцы навучацца апладняць мужчын ці прыдумаюць нарэшце нейкія інкубатары, якія змогуць цалкам замяніць чэрава маці (некаторыя навукоўцы лічаць, што ў будучыні такое цалкам магчыма. — Заўв. рэд.).
Мяне, на шчасце, не выхоўвалі ў парадыгме, што галоўнае ў жыцці — выйсці замуж і нараджаць дзяцей. Атачэнне ў асноўным таксама адэкватнае, і ніхто з бестактоўнымі пытаннямі не лезе. Усё ж быццам ужо відавочна, што гэта няветліва і, мякка кажучы, не вельмі разумна.
Хоць, бывала, вядома, некаторыя аднагодкі, у якіх ужо ёсць дзеці, не-не ды і выдадуць тое самае: «Калі па малога?» Яшчэ гадоў пяць таму я на такое пытанне раздражнялася, а самых дакучлівых адбівала іх жа зброяй, пытаючы: «А калі працу нармальную знойдзеш?» ці «Калі замежную мову вывучыш?» Цяпер пытанні пра дзяцей, хоць пачала чуць іх вельмі рэдка, проста ігнарую.
Лічу, што галоўнае ў пытанні нараджэння дзіцяці — жаданне. Жаданне нарадзіць і выхаваць, ахвяраваць, даць акіян любові і ўсё самае-самае добрае разам з кучай свайго часу, нерваў і здароўя. Дарэчы, у студэнцтве я падзарабляла нянькай — і гэта добрая прышчэпка супраць ілюзій наконт дзяцей. Магчыма, таму ніколі не рамантызавала мацярынства, хоць я люблю дзяцей і ў мяне заўсёды крута атрымлівалася знаходзіць з імі агульную мову.
Ведаю беларусак, якія моцна хацелі дзяцей і свядома станавіліся маці гадоў у 28−30 — яны шчаслівыя ў сваёй руціне і са сваім выбарам. Назіраючы за сабой, я разумею, што ў мяне няма і дзясятай часткі гэтага жадання. Тады навошта нараджаць? Каб нечаму ці некаму адпавядаць? Гэта глупства.
Цяпер я проста добра разумею, што не хачу прысвячаць сябе выхаванню дзіцяці. Бо ў свеце столькі ўсяго цікавага! Для мяне гэта падарожжы, навучанне і развіццё ў прафесіі, замежныя мовы, куча розных хобі — ад танцаў да паездак на разнастайныя канцэрты і фестывалі. Ды і ў цэлым не хочацца страчваць магчымасць быць мабільнай, лёгкай на пад’ём. Цалкам імаверна, што ў найбліжэйшай будучыні я вырашу засвоіць з нуля новую прафесію ці паступіць у магістратуру. У такое актыўнае і насычанае жыццё дзіця ніяк не ўпісваецца.
Калі перадумаю, а ўжо «будзе позна» — ніхто не адмяняў ЭКА, як і ўсынаўлення. А калі захачу дзіця, калі варыянтаў не будзе ніякіх, — ну што ж, гэта мой выбар, і мне з ім жыць. Лепш так, чым пайсці на кампраміс з сабой, нарадзіць і быць няшчаснай ці пашкадаваць пра гэтае рашэнне. У свеце хапае варыянтаў пражыць жыццё годна і шчасліва. Непаўнавартаснай ад адсутнасці дзяцей я сябе дакладна адчуваць не буду.
Цяпер я шчаслівая ў сваіх адносінах. Калі я толькі пачынала сустракацца з маім партнёрам пяць гадоў таму, мы гэты момант абгаварылі. Я сказала, што, можа, гадоў праз пяць-дзесяць нешта зменіцца, а можа, усё так і застанецца і я не захачу дзяцей ніколі. Я выразна ўсё патлумачыла, каб потым не ўзнікала непаразумення. Майму маладому чалавеку тады было 26, і ён сказаў, што яго ўсё задавальняе і што пра дзяцей ён не думае.
Цяпер у партнёра памянялася меркаванне, у мяне ж пакуль не. У будучыні я не выключаю, што стану маці: цяпер мы на стадыі размоваў. Але калі праз нейкі час усё так і застанецца, ён не памяняе свайго меркавання, а я — свайго, то… давядзецца расстацца. Каб кожны мог будаваць сваё жыццё далей для сябе.
Ісці на кампраміс у гэтай сітуацыі дзіўна. Асабліва мне — нараджаць дзіця, бо хтосьці гэтага хоча, а не я. Цяжарнасць — выключна мой выбар і рашэнне. Ніхто не мае права ўказваць жанчыне, нараджаць ёй ці не. Ні бацькі, ні сяброўкі, ні тым больш дзяржава.
Чытайце таксама