Таямнічы «Фонд першага», які з’явіўся з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі, стварыў «дачку» ў Расіі, высветліла «Люстэрка». Там арганізацыя называецца «Криница», а ўзначальвае яе экс-начальнік упраўлення асабістай аховы палітыка і цяпер яго памочнік па агульных пытаннях. Нагадаем, у Беларусі «Фонд першага» альбо не вядзе ніякай дзейнасці, альбо старанна яе хавае.

Абяцалі празрыстую працу, а стварылі таемную структуру. Пра які фонд гаворка
У кастрычніку 2022 года з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі быў заснаваны «Фонд першага». Са словаў палітыка, ён мусіў замяніць закрытыя праз рэпрэсіі дабрачынныя арганізацыі. «Мы зможам акумуляваць грошы тых, хто неабыякавы. І з майго боку — гарантыя таго, што гэтыя грошы раскрадзеныя не будуць», — казаў палітык у кастрычніку 2023-га — праз год пасля стварэння фонду. А беларусам абяцалі поўную празрыстасць працы структуры — маўляў, «кожны ахвотны можа паглядзець, куды скіраваныя ягоныя грошы».
Аднак праз больш чым два гады структура альбо наогул не вядзе ніякай дзейнасці, альбо старанна яе хавае. Так, у звестках адзінага дзяржрэгістра юрыдычных асобаў і ІП у фонду, як высветліла «Люстэрка», па-ранейшаму няма ні адрасу, ні кіраўніка, ні роду дзейнасці. Раней мы таксама расказвалі, што гэты праект падобны да мёртванароджанага альбо фіктыўнага. Цяпер жа нам удалося высветліць, што там усяго адзін супрацоўнік, а фінансавых справаздач за мінулыя гады структура не публікавала.

Што вядома пра «дачку» фонду ў Расіі
Адзінае змяненне па фондзе, якое фігуруе ў публічнай плоскасці, — гэта тое, што ў лютым 2025 года ён заснаваў сваю «дачку» ў Расіі. Там дабрачынны фонд назвалі «Криница». Яе дырэктарам прызначылі Мікалая Леанідавіча Латышонка — поўнага цёзку вайскоўца і былога кіраўніка ўпраўлення асабістай аховы Лукашэнкі, а цяпер — памочніка палітыка.
Зарэгістраваная арганізацыя ў Маскве па тым жа адрасе, па якім знаходзіцца амбасада Беларусі (вуліца Марасейка, 17/6).
Праз чатыры месяцы з моманту заснавання ў гэтай структуры таксама не зафіксавана ніякай дзейнасці. Прынамсі, публічна.
Што вядома пра дырэктара «дачкі» фонду ў Расіі
Беларус Мікалай Латышонак — вайсковец, які адвучыўся ў Разанскім вышэйшым паветрана-дэсантным вучылішчы. З 1995 года ўваходзіў у службу бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. А ў 2003-м узначаліў упраўленне асабістай аховы палітыка.
З 2018 года Лукашэнка прызначыў яго сваім памочнікам па агульных пытаннях.
Менавіта Латышонак 30 жніўня 2020 года пасля завяршэння нядзельнага маршу выйшаў з Палаца незалежнасці да людзей, якія там засталіся. Як пісаў TUT.BY, пра пратэстоўцаў Латышонак тады сказаў наступнае:
— Ну якая вас большасць?! Вы нашую краіну заганяеце (жэст, які паказвае «ўніз». — Заўв. TUT.BY). Ён (Лукашэнка. — Заўв. TUT.BY) не прайграў адназначна. Большасць на баку прэзідэнта. Вось праз вашыя ўсе акцыі — паглядзіце на курс даляра (ён рос на той момант больш за 10 дзён. — Заўв. TUT.BY). У вас ёсць выбар, тут няма заслоны.
— Вы адмаўляеце катаванні на Акрэсціна? — спыталі тады Латышонка.
— Пачакайце. Усё, што паказана ў СМІ, — гэта памножана на 100. Як мінімум, — адказаў ён.
— Пяць амапаўцаў на аднаго чалавека — гэта нармальна? — спыталі ў той жа размове грамадзяне ў адказ на ягоную заяву, што сілавікі дзейнічалі правамерна.
— Нармальна, — адказаў Латышонак.
Тады ж ён абвінаваціў людзей у скачках курсу даляра: Праз вашыя ўсе акцыі паглядзіце на курс даляра. Да чаго вы штурхаеце [эканоміку]". Незадаволеным сітуацыяй у краіне памочнік Лукашэнкі ў той размове параіў з’ехаць за мяжу.
Чытайце таксама