Еўрасаюз можа ўвесці поўную забарону на аперацыі з беларускай банкаўскай сістэмай. Такое абмежаванне прадугледжвае 18-ы пакет санкцый ЕС, які абмяркоўваецца ў Брусэлі. Успамінаем, як беларусы пакутуюць праз уведзеныя раней санкцыі ў дачыненні да айчынных банкаў.

Заходнія санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі ў апошнія пяць гадоў, не абышлі бокам банкаўскі сектар. Розныя абмежаванні як закраналі асобныя банкі, так і білі па ўсёй галіне.
Яшчэ ў чэрвені 2021 года пад санкцыі ЕС трапілі «Беларусбанк», «Белінвестбанк» і «Белаграпрамбанк», а таксама «Банк развіцця». З таго моманту многія фінансавыя аперацыі для кліентаў гэтых структур ускладніліся. Праз два месяцы Вашынгтон прыняў свой санкцыйны пакет, куды таксама трапіў «Беларусбанк». Але гэта быў толькі пачатак, пасля было частковае адключэнне некаторых банкаў ад SWIFT, забарона на правядзенне аперацый у далярах і іншыя абмежаванні. Часта ад прыманых мер пакутавалі менавіта шараговыя беларусы, а таксама бізнес.
Цяжкасці з міжнароднымі пераводамі
Магчымасці для грашовых пераводаў з-за мяжы ў Беларусь, як і ў адваротным кірунку, з кожным годам становяцца ўсё больш абмежаванымі. Каб адправіць грошы на радзіму, многія вымушаныя праходзіць цэлы квэст, у якім з кожным разам закрываецца новае акно і трэба шукаць новыя варыянты.
Ускладняецца ўсё тым, што самі замежныя банкі, а таксама іншыя фінансавыя структуры адмаўляюцца працаваць з Беларуссю незалежна ад дзейных санкцый. Напрыклад, яшчэ ў 2022 годзе Western Union афіцыйна прыпыніла дзейнасць у Беларусі. Visа і Mastercard у нашай краіне дзейнічаюць з істотнымі абмежаваннямі, што таксама моцна ўскладняе жыццё карыстальнікам.
У 2022-м кліенты анлайн-сэрвісу Paysend сутыкнуліся з праблемай: пасля пераводу сродкаў па выгадным курсе яны нечакана аказаліся ў значным мінусе. Разбіральніцтвы па такіх кейсах доўжыліся некалькі месяцаў. Пазней сэрвіс на час наогул адмовіўся працаваць з нашай краінай (але неўзабаве паслугу пераводаў вярнулі).
Аднак нават тыя, спосабы пераводу сродкаў, якія яшчэ засталіся, часта звязаныя з дадатковымі выдаткамі, у прыватнасці за кошт двайной канвертацыі.
Прычым замежныя банкі працягваюць уводзіць абмежаванні для беларусаў. Да прыкладу, з 29 красавіка так зрабіў Swedbank.
Валютныя абмежаванні
Абмежаваныя магчымасці беларускіх банкаў выводзіць за мяжу лішнюю замежную валюту таксама адбіліся на кліентах. З аднаго боку, галіна прыняла агульныя — больш жорсткія, чым раней, — правілы прыняцця замежнай валюты. З іншага — фінструктуры пачалі ўводзіць абмежаванні ў выдачы наяўных замежных грошай у банкаматах. Таксама з’явіліся ліміты на зняцце валюты за мяжой.
Акрамя таго, банкі ўводзяць дадатковыя камісіі за захоўванне замежных грошай або валютныя пераводы.
Карткі ёсць, а магчымасць аплаты імі — не заўсёды
Разам з тым, як звужаліся магчымасці беларусаў падарожнічаць, ускладняліся і спосабы аплаты беларускімі карткамі за мяжой. Гэта датычыць у тым ліку картак Visa і Mastercard айчынных банкаў, якія не заўсёды працуюць за мяжой.
У выніку ў чалавека ёсць сродкі, але аплаціць нешта ў іншай краіне ён не можа. Даводзіцца выкручвацца, здымаць вялікія сумы і ехаць у падарожжа з наяўнымі.
Але праблема датычыць не толькі паездак, у многіх выпадках беларускія карткі не падтрымліваюць аплату ў міжнародных анлайн-крамах, такіх як Amazon, eBay, ASOS і іншыя. Таксама недаступныя сэрвісы падпіскі накшталт Spotify або Netflix.
Замарожаныя актывы
Калі заходнія краіны ўводзілі санкцыі ў дачыненні да канкрэтных банкаў, гэта адбілася не толькі на самім бізнесе, але і ўдарыла па людзях. Напрыклад, кліенты «Альфа-Банка» некалькі гадоў не могуць вярнуць свае грошы, якія перадавалі ў давернае кіраванне. Іх сродкі заблакаваныя ў брокераў з ЕС і Вялікабрытаніі праз абмежаванні.
Акрамя гэтага, грамадзяне нашай краіны нярэдка сутыкаюцца з цяжкасцямі падчас спробаў адкрыць рахункі ў еўрапейскіх банках, або іх блакуюць, пакуль чалавек чакае новых дакументаў для легалізацыі ў канкрэтнай дзяржаве.
Чытайце таксама