Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Расія ўдарыла дронамі і ракетамі па Кіеве — цалкам разбураны пад'езд жылога дома, ёсць загінулыя і параненыя
  2. «Проста катаванне». Пагаварылі са зняволеным, які нядаўна выйшаў з калоніі ў Наваполацку, дзе сядзяць Віктар Бабарыка і Андрэй Пачобут
  3. «Чалавек выглядаў як кавалак мяса чорна-сіняга колеру». Так з беларуса здзекаваліся ў сакрэтнай турме — яе будынак бачылі многія з вас
  4. «У шоку ад гэтых нацэнак». Беларусы дзівяцца цане чарговага тавару — гэтым разам гаворка не пра прадукты
  5. Фінансавы бум з-за мяжы. Нацбанк зафіксаваў некалькі рэкордаў па пераводах валюты беларусамі
  6. На малочным рынку маячыць банкруцтва дзвюх кампаній. Што пра гэта вядома
  7. «Не хапае дысцыпліны». Лукашэнка — пра прызначэнне сілавікоў на пасады кіраўнікоў абласцей
  8. Беларусы жалуются, что не могут найти в продаже отечественный товар, с которым, казалось бы, не будет проблем. Проверили — так и есть
  9. «Считаю, что заслужил право высказаться». Отставной подполковник беларусской милиции вернул медаль в МВД и пошел воевать за Украину
  10. «Беларусь переживает паническую атаку». На Западе произошел всплеск публикаций про Лукашенко, причина в его «таланте» диетолога
  11. Армия РФ в своих наступлениях стала реже использовать танки. В ISW объяснили, в чем причина
Читать по-русски


/

Аляксандр Лукашэнка параіў беларусам есці менш бульбы — «адзін раз на тыдзень, два максімум, і тое запечанае, пюрэ». Вывучылі, колькі ў сярэднім у нашай краіне спажываецца гэтага папулярнага прадукту і як у цэлым за апошнія 30 гадоў змяніліся харчовыя прыхільнасці беларусаў. Спойлер: парада палітыка што да спажывання бульбы, відаць, ужо неактуальная.

Иллюстративный снимок. Фото: Steve Buissinne / Pixabay.com
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Steve Buissinne / Pixabay.com

Менш хлеба і больш мяса

Белстат рэгулярна публікуе звесткі пра тое, колькі ў сярэднім кожны з нас з’ядае тых ці іншых прадуктаў. У базе ёсць статыстыка пачынаючы з 1995 года. Гэта дазваляе прасачыць, як за 30 гадоў змяніліся харчовыя прыхільнасці ў нашай краіне.

Цягам гэтага перыяду устойліва зніжаліся аб’ёмы спажывання хлеба: са 127 кіло за год у 1995-м да 73 у 2024-м. Гэта можа паказваць на ссоўванне рацыёну ў бок іншых крыніц вугляводаў (гародніны, садавіны, круп) або зніжэнне агульнай каларыйнасці харчавання.

Падобны працэс у канцы 1990-х — пачатку 2000-х быў адносна малочных прадуктаў. Напрыклад, у 1995 годзе нашыя суграмадзяне ў сярэднім выпілі і з’елі 244 кіло такой прадукцыі, а ў 2001-м — 301. Потым зніжэнне працягнулася аж да 2018-га, пасля чаго аб’ём пачаў павялічвацца. Летась на кожнага прыпала па 295 кілаграмаў. Так што можна смела казаць, што роля малочных прадуктаў у рацыёне беларусаў застаецца высокай.

Мясной прадукцыі нашыя суграмадзяне пачалі есці на 65% больш. Летась на аднаго прыпадала 86 кіло (гэта больш чым 230 грамаў на дзень), а ў 1995-м — 52. Гэта можа быць звязана з ростам даходаў, які дазволіў павялічыць спажыванне бялковых прадуктаў жывёльнага паходжання.

Што да рыбы і прадуктаў з яе, то іх беларусы елі больш за ўсё ў сярэдзіне 2010-х — у сярэднім па 18 кілаграмаў на год. Летась — усяго 15, а 30 гадоў таму — 9. Пры гэтым, паводле чыноўнікаў, менавіта рыбы мы з’ядаем у сярэднім 8,7 кіло за год.

Выходзіць, што ў сярэднім рыбы мы спажываем амаль у шэсць разоў менш, чым мяса. Больш за тое, яе мы з’ядаем менш за акрэсленыя нормы. Гэта можа быць звязана як з культурнымі асаблівасцямі, калі перавага аддаецца мясу, так і з адноснай дарагоўляй рыбы.

Яшчэ адзін папулярны прадукт — яйкі. Іх спажыванне пастаянна расло, дасягнуўшы год таму 242 штук за год. Для параўнання: у 1995-м іх елі 201 штуку.

Што ж з галоўным ядомым фігурантам навінаў гэтага года?

З пачатку года беларусы рэгулярна наракаюць на перабоі з наяўнасцю бульбы ў крамах, а таксама на яе якасць. Чыноўнікі спачатку аднекваліся (хоць за зачыненымі дзвярыма абмяркоўвалі пытанне), але ўсё ж прызналі, што праблема ёсць. Замест барацьбы з першапрычынамі, якія прывялі да такой сітуацыі, Аляксандр Лукашэнка параіў людзям спажываць менш гэтага папулярнага прадукту.

Але, як паказвае статыстыка, нашыя суграмадзяне і без парадаў палітыка прытрымліваюцца гэтага трэнду. За 30 гадоў спажыванне бульбы знізілася больш чым у два разы: са 128 кіло ў 1995 годзе да 56 у мінулым. Гэта крыху больш за 153 грамаў за дзень. Прычым аб’ёмы ў апошнія гады былі прыкладна аднолькавымі (гэта пацвярджае, што зусім не апетыт беларусаў прывёў да дэфіцыту гэтага тавару).

Калі глядзець статыстыку за першы квартал, то ў ёй відаць, што сёлета беларусы з’елі ў сярэднім менш бульбы, чым у той жа час за апошнія 25 гадоў (статыстыка па кварталах ёсць з 2010 года). Больш за тое, аказваецца, у сярэднім мы ямо нашмат менш бульбы, чым рэкамендуюць спецыялісты Акадэміі навук.

Здавалася б, калі мы спажываем менш гэтага прадукту, маглі б пераключыцца на іншую гародніну. Але гэтага не адбылося. Максімальны аб’ём з’едзеных гародніны і бахчавых склаў у 2021-м 94 кіло. А ў сярэднім у апошнія дзесяць гадоў гэта было каля 88 кілаграмаў.

А вось з садавіной і ягадамі сітуацыя іншая. Летась сярэдні паказчык быў 72 кілаграмы, а 30 гадоў таму — усяго 31. Істотнае павелічэнне ў гэтым кірунку падобнае на трэнду ў бок здаравейшага і разнастайнейшага рацыёну.

Тым не менш застаецца даволі высокім аб’ём спажывання цукру і салодкага. Ён амаль не мяняўся увесь час, балансуючы паміж 22 і 30 кілаграмамі на год.

Чытайце таксама