У пачатку траўня ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці падчас навальніцы разрад маланкі забіў 71 карову на вольным выпасе. Пад удар стыхіі трапіў і жывёлавод, які быў побач. Мужчыну неймаверна пашанцавала — ён застаўся жывы, хоць і атрымаў сур’ёзную электратраўму, паведамілі ў Дзяржкамітэце судовых экспертыз.

Паводле звестак ведамства, пацярпелы схаваўся ад навальніцы ў драўляным вагончыку непадалёк ад фермы аднаго з сельгаспрадпрыемстваў. Аднак у нейкі момант ён выйшаў, каб праверыць жывёлу. У гэты момант у статак ударыла маланка, мужчына страціў прытомнасць і ачуўся ўжо пасля заканчэння залевы.
Са скаргамі на слабасць, дрыжыкі, ламату ў суставах і мышачныя болі ў канечнасцях вяскоўца шпіталізавалі. Медыцынскія работнікі зафіксавалі ў яго фігуры Ліхтэнберга — характэрныя сляды, якія нагадваюць выяву маланкі, а таксама парушэнне рытму сэрца. У бальніцы ён прабыў восем дзён.
Эксперты класіфікавалі траўмы як лёгкія, з кароткачасовым разладам здароўя.