Нядаўняя спецаперацыя Ізраіля супраць найвышэйшага вайсковага камандавання Ірана атрымала кодавую назву «Чырвонае вяселле» — гэта адсылка да адной з самых жорсткіх сцэн у серыяле «Гульня тронаў». Атака ўвайшла ў гісторыю як адна з самых дзёрзкіх і маштабных у арсенале ізраільскіх вайскоўцаў: усяго за 12 хвілін былі ліквідаваныя дзесяць іранскіх генералаў, паведамляе Jfeed са спасылкай на крыніцы ў сілавых структурах краіны.

Падрыхтоўка да аперацыі пачалася яшчэ ў лістападзе 2024 года. Тады, на фоне баёў з «Хезбалой» у Ліване, ізраільскія разведчыкі і афіцэры ВПС сабраліся ў гатэлі ў цэнтральнай частцы краіны. Мэтай было вызначыць слабыя месцы ў абароннай сістэме Ірана.
Яны шукалі пункты, удар па якіх мог бы паралізаваць усю іранскую вайсковую структуру — ключавыя элементы ядзернай праграмы, сістэмы СПА, сеткі беспілотнікаў і ракетныя комплексы. Усяго ў распрацоўцы стратэгіі ўдзельнічала больш чым сотня ізраільскіх афіцэраў, уключаючы спецыялістаў з элітнага разведпадраздзялення Unit 8200.
Да сакавіка 2025 года план быў гатовы. Яго сутнасць была ў тым, каб пераадолець не толькі фізічную адлегласць у 1500 кіламетраў паміж Ізраілем і Іранам, але і знішчыць саму магчымасць супраціву — пазбавіць іранскае вайсковае кіраўніцтва здольнасці кіраваць арміяй. Для гэтага спатрэбілася хірургічная дакладнасць: больш за дзвесце знішчальнікаў ВПС Ізраіля мусілі адначасова атакаваць больш за сотню цэляў на тэрыторыі Ірана. Кожнай эскадрыллі былі дадзеныя выразныя задачы — каго менавіта ліквідаваць і дзе.
Аперацыя атрымала кодавую назву «Чырвонае вяселле» — гэта адсылка да эпізоду з фэнтэзі-серыяла «Гульня тронаў», заснаванага на кнігах Джорджа Марціна. Ён расказвае пра масавую разню на вясельным баляванні: гаспадары, род Фрэяў, здрадліва забіваюць сваіх гасцей — Роба Старка, яго маці Кейтылін і мноства іх паплечнікаў. Сцэна шакавала гледачоў сваёй жорсткасцю і раптоўнасцю.
Вынік аказаўся ашаламляльным. Ужо ў першую гадзіну аперацыі, ажыццёўленай 13 чэрвеня, былі пацверджаныя смерці трох ключавых фігур у вайсковым кіраўніцтве Ірана: начальніка Генштаба, камандуючага КВІР і кіраўніка штаба «Хатам аль-Анбія». У наступныя гадзіны гэты спіс папаўняўся, а іранская сістэма камандавання фактычна перастала існаваць.
Ізраільскі бок сцвярджае, што ўдар быў не толькі ваенным, але і сімвалічным — ён нанёс магутную псіхалагічную шкоду рэжыму, паказаўшы, што нават яго самыя ахоўваныя і ўплывовыя фігуры ўразлівыя.