440 дронаў і 32 ракеты атакавалі ноччу Украіну, заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Ён таксама назваў удар па Кіеве «адным з самых страшных».

«Адзін з самых страшных удараў па Кіеве. Таксама ноччу былі атакаваныя Адэса, Запарожжа, Чарнігаўшчына, Жытоміршчына, Кіраваградчына, Мікалаеўшчына і Кіеўшчына», — напісаў Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.

Паводле яго словаў, у Кіеве і Адэсе працягваюцца выратавальныя працы — пад заваламі жылых дамоў застаюцца людзі.



«Такія атакі — чыстай вады тэрарызм. І ўвесь свет, ЗША і Еўропа нарэшце павінныя адрэагаваць так, як цывілізаванае грамадства рэагуе на тэрарыстаў.
Пуцін гэта робіць выключна таму, што можа дазволіць сабе працягваць вайну. Ён хоча вайны і далей. Кепска, калі моцныя гэтага свету закрываюць на гэта вочы. Размаўляем з усімі партнёрамі на ўсіх магчымых узроўнях, каб быў належны адказ. Гэта тэрарысты павінныя адчуваць боль, а не нармальныя, мірныя людзі», — падкрэсліў Уладзімір Зяленскі.

Кіеў і вобласць: колькасць ахвяр расце
Мэр Кіева Віталь Клічко паведамляе пра 114 пацярпелых, некаторым з іх дапамогу аказалі на месцы, 68 чалавек былі шпіталізаваныя.
Паводле звестак паліцыі і ратавальнікаў, загінула 14 чалавек. Разбор завалаў на месцы пад’езда працягваецца, колькасць ахвяр можа вырасці. Вядома як мінімум пра пяць зніклых без вестак жыхароў дома ў Саломенскім раёне сталіцы, якія не выходзяць на сувязь з роднымі, паведаміў кіраўнік МУС Ігар Кліменка.

Віталь Клічко таксама заявіў: для ўдару па Кіеве Расія выкарыстала ракеты з касетнымі боегалоўкамі, іх элементы знайшлі ў адным з раёнаў.
На Кіеўшчыне ў выніку расійскай атакі пашкоджаныя прыватныя жылыя дамы, аўтамабілі, прадпрыемства. Пацярпела 55-гадовая жанчына.

Адэса: адна загінулая, разбурэнні ў гістарычным цэнтры
«Пад заваламі знайшлі цела загінулай 60-гадовай жанчыны. Выказваю шчырыя спачуванні родным і блізкім. Цяпер ідуць пошукі яшчэ адной жанчыны. Спадзяёмся, што ратавальнікі знойдуць яе жывой, — піша кіраўнік Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер. — Пацярпелі 17 чалавек, сярод якіх цяжарная жанчына і 17-гадовая дзяўчына. Шпіталізаваны адзін чалавек, Іншыя пасля атрымання медыцынскай дапамогі працягваюць лячэнне амбулаторна».

Чыноўнік таксама паведамляе пра разбурэнні ў гістарычным цэнтры Адэсы — пашкоджаныя жылыя дамы, дзіцячы садок і інклюзіўны цэнтр.
У выніку расійскай начной атакі ў Чарнігаўскай вобласці траўмаваны адзін чалавек.

У Запарожжы пашкоджаныя жылы шматпавярховік і інтэрнат, будынак дзяржпрадпрыемства, абышлося без пацярпелых.

Паводле звестак Паветраных сіл, Расія выкарыстала для ўдару дзве аэрабалістычныя ракеты Х-47М2 «Кінжал», крылатыя ракеты Х-101, «Калібр», Х-59/69 і супрацьрадыёлакацыйную ракету Х-31П, а таксама 440 беспілотнікаў. Асноўным напрамкам удару быў Кіеў.
З 440 беспілотнікаў 239 былі збітыя, 163 — лакацыйна страчаныя. Таксама былі знішчаныя ці лакацыйна страчаныя 26 ракет.

«Зафіксаванае траплянне сродкаў паветранага нападу праціўніка ў 10 лакацыях, падзенне збітых (абломкі) у 34 лакацыях», — гаворыцца ў паведамленні ПС УСУ.