Перад выходнымі на межах Беларусі з ЕС сабралася шмат машын, якія чакаюць выезду з краіны. Чэргі фіксуюцца на ўсіх напрамках, паведаміў Дзяржпамежкамітэт.

Станам на 10.00 выезду ў Польшчу ў электроннай чарзе памежнага пераходу «Брэст» чакалі 2360 легкавікоў і 40 аўтобусаў. На літоўскім кірунку сабралася 260 аўто — 120 у «Каменным Логу» і 140 у «Беняконях».
Паводле справаздач у чаце тых, хто перасякае мяжу, трапіць у Літву можна праз дзве гадзіны пасля ўезду на беларускі пункт пропуску — без уліку знаходжання ў электроннай чарзе. Сама паездка праз мяжу ў Польшчу зойме каля 6 гадзін, але ад пастаноўкі ў чаргу да ўезду можа прайсці і чатыры дні.
На латвійскім напрамку чэргаў з легкавікоў не назіраецца. Аднак Дзяржаўны мытны камітэт паведамляў, што з 15.00 26 чэрвеня латвійскі бок у пункце пропуску «Патэрніекі» (сумежны беларускі — «Грыгароўшчына») не прымае грузавікоў з Беларусі.
«Паводле інфармацыі сумежнага боку, прычынай паслужыла няспраўнасць праграмнага забяспечання. Прагнозаў на аднаўленне працаздольнасці пакуль не паступала», — расказалі ў ДМК.
Выезду з Беларусі ў «Грыгаолўшчыне» ў 10.00 27 чэрвеня чакалі 570 грузавікоў, на выезд у Літву стаяла тысяча фур (540 — «Каменны Лог», 460 — «Беняконі»), пра чэргі велікагрузаў на польскім кірунку апошнім часам няма аўтаматызаванай інфармацыі ад ДПК.