Спрошчаны парадак выдачы польскіх праязных дакументаў замежніка для грамадзян Беларусі падоўжаны да 31 снежня 2025 года, паведамляецца на сайце ўрада Польшчы.

Грамадзяне Беларусі, якія жывуць у Польшчы, па-ранейшаму могуць атрымаць праязны дакумент замежніка ў спрошчаным парадку — з 1 ліпеня ён будзе падоўжаны яшчэ на паўгода, да 31 снежня 2025-га.
«Гэта яшчэ адзін інструмент актыўнай падтрымкі беларускага грамадства з боку польскіх уладаў», — адзначылі ва Упраўленні па справах замежнікаў Польшчы.
Спрошчаны парадак выдачы праязных дакументаў для грамадзян Беларусі быў уведзены ў Польшчы пастановай Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі ў ліпені 2023 года. У адпаведнасці з ім для беларусаў уводзіліся наступныя паслабленні:
- вызваленне ад выплаты збору за выдачу праязнога дакумента для замежніка — гэтая мера будзе дзейнічаць бестэрмінова аж да яе адмены;
- з заявай пра выдачу дакумента маглі звярнуцца таксама беларусы, якія ніколі не мелі праязнога дакумента (у першую чаргу пашпарта), у тым ліку дзеці;
- беларусам, у адрозненне ад іншых просьбітаў, не трэба было даказваць, што яны не могуць атрымаць пашпарт ад уладаў сваёй дзяржавы;
- з заявай пра выдачу дакумента маглі звярнуцца беларусы, якія маюць у Польшчы толькі часовы від на жыхарства незалежна ад мэтаў яго выдачы.
З таго часу спрошчаны парадак выдачы «пашпартоў замежніка» рэгулярна падаўжаецца, кожныя паўгода — яшчэ на шэсць месяцаў.