Актывісту праўладнага руху «Патрыёты Беларусі» Віталю Драбышэўскаму з Гомеля, які даслаў у пракуратуру скрыншоты незалежных СМІ, далі штраф за «экстрэмісцкія» падпіскі, паведамляе «Гомельская праўда».

У красавіку гэтага года Віталь Драбышэўскі атрымаў штраф у памеры дзесяці базавых велічынь (420 рублёў) за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы. Ён з рашэннем не пагадзіўся, абскардзіўшы яго ў абласным судзе. Паседжанне адбудзецца 25 чэрвеня.
«Не будзем забягаць наперад, але пытанне ўжо напрошваецца: што гэта ў яго за патрыятызм такі спецыфічны? Ці гэта неяк па-іншаму называецца?» — пракаментавала аўтарка артыкула ў дзяржвыданні.
Нагадаем, нядаўна праўладны гомельскі прадпрымальнік Віталь Драбышэўскі абвінаваціў мясцовыя ўлады ў палітычна матываваным знішчэнні ягонага бізнесу. Ён апублікаваў відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі на фоне сваёй знесенай кавярні з партрэтам Сталіна, якую, з ягоных словаў, разбурылі нібыта для добраўпарадкавання тэрыторыі каля цэнтральнага рынка, заўважыў «Флагшток».
Улады тлумачаць знос установы неабходнасцю пашырэння паркоўкі. Драбышэўскі ж сцвярджае, што яго падманулі і наўмысна дачакаліся заканчэння тэрміну арэнды, каб пазбавіць яго павільёна, а маёмасць — разбурыць. Ён заявіў пра ціск, пагрозы і самавольства з боку чыноўнікаў і міліцыі, а таксама пра нібыта апаганьванне дзяржаўных сцягоў падчас зносу аб’екта.
Прадпрымальнік апублікаваў перапіску з чыноўнікамі, аўдыёзапіс размовы са старшынёй гарвыканкама і копію ліста пракуратуры, каб пацвердзіць свае словы.
Як выявілася, да звароту ў пракуратуру Драбышэўскі прыклаў скрыншоты з публікацыямі на сайтах «Люстэрка» і «Флагштока», прызнаных «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не хаваючы іх крыніцы. Скрыншоты былі пераадрасаваныя міліцыі, дзе вырашылі вывучыць анлайн-актыўнасць заяўніка. У выніку сілавікі знайшлі ў яго ў Instagram падпіскі на старонкі BYSOL, «Маланка-медыя» і «Мая краіна Беларусь» — усе яны таксама ў спісе забароненых у Беларусі. У міліцыі ініцыявалі праверку.
Сам Віталь Драбышэўскі сцвярджаў, што «падпіска была ажыццёўленая з мэтай вывучэння дзейнасці і перадачы інфармацыі ў цэнтр Х».
«Гомельская праўда» ў сваім артыкуле сцвярджае, што актывіст сам вінаваты ў праблемах, якія ўзніклі ў яго бізнесу. Нібыта ў прадпрымальніка скончыўся тэрмін арэнды зямлі, а абавязанняў па мадэрнізацыі павільёна ён не выканаў. Яму неаднаразова прапаноўвалі альтэрнатыўныя месцы гандлю, але ён адмовіўся.
Суд не падтрымаў патрабаванняў Драбышэўскага наконт падаўжэння арэнды. Акрамя таго, аб’ект меў дзясяткі санітарных парушэнняў, а жыхары навакольных дамоў скардзіліся на бруд, шум і беспарадак. Пасля дэмантажу павільёна ўлады атрымалі падзякі ад гараджан за навядзенне парадку.
Раней прадпрымальніка таксама штрафавалі за гандаль алкаголем без ліцэнзіі і іншыя парушэнні, піша выданне.