Беларус на імя Андрэй запісаў у TikTok відэа пра сваю новую звычку, якая палепшыла яго сямейнае жыццё. За чатыры дні ролік набраў амаль 150 тысяч праглядаў — у каментарах далёка не ўсе пагадзіліся з парадай.

Новая звычка беларуса заключаецца ў тым, што з кожнага заробку ён купляе жонцы букет. У відэа ён прадэманстраваў, якія кветкі набыў гэтым разам: тры ярка-ружовыя півоні ў жоўтай абгортцы.
— Вы не ўяўляеце, наколькі жыццё стала лепшым. Прынамсі, стаўленне жонкі [да мяне], — заўважыў Андрэй. — Кветкі, здавалася б, нічога [не каштуюць], але як гэта ўсё вырашае! Таму я кожнаму мужчыну раю, калі вам прыходзіць зарплата, купіце букет кветак.
Нягледзячы на нібыта нявінную рэкамендацыю, у каментарах з аўтарам відэа пагадзіліся не ўсе. Некаторыя пачалі іранізаваць на тэму таго, што яшчэ трэба зрабіць з заробкам, каб жонка засталася задаволеная, а частка людзей наогул, відаць, успомніла свае крыўды ў адносінах.
- «Няма жонкі — няма праблем».
- «Купляй, не купляй, патэлефануе былы — і яна спусціцца да яго на 10 хвілін».
- «Проста аддай ёй усю зарплату, і адносіны стануць яшчэ лепшыя».
- «Па памеры букета яна адразу зразумее памер зарплаты ў гэтым месяцы».
- «То-бок быць цярпілам? А яна нешта купляе табе? Быць аленем цяпер модна?»
Нехта пісаў, што мужчынам наогул не варта ажаніцца, і пытаўся, што робіць жонка Андрэя, каб яго парадаваць (з намёкам, што стараецца для адносін толькі ён). Але былі і жанчыны, якія падтрымалі аўтара відэа, напісаўшы, што ён «святы чалавек» і малайчына. Хоць адна карыстальніца TikTok прапанавала лепшы варыянт, на яе думку, — даваць жонцы грошы «пагуляць з сяброўкамі».
Нагадаем, раней «Люстэрка» расказвала, як фларыстка з Мінска паскардзілася, што мужчыны часта выбіраюць букеты, якія жанчынам не падабаюцца, і таксама справакавала бурныя абмеркаванні ў сацсетках.
Чытайце таксама