Беларусь уваходзіць у топ краін, дзе паказчыкі дзіцячай смяротнасці мінімальныя. Усё гэта дзякуючы таму, што цяжарным даступныя тры УГД за дзяржрахунак, заяўляе рэктар Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта Аляксей Чуканаў. Паводле яго, Расія з намі ў сусветным рэйтынгу па суседстве, а вось на Захадзе нібыта «так не глядзяць» жанчын, як у нас (відаць, мелася на ўвазе колькасць абследаванняў). Ці сапраўды так шмат УГД неабходна ўсім цяжарным? І чаму ў некаторых краінах іх не прымушаюць хадзіць на абследаванні так часта? «Люстэрка» расказвае.

Навошта ўсіх цяжарных беларусак адпраўляюць на УГД
Па статыстыцы дзіцячай смяротнасці за 2024 год Беларусь з паказчыкам 2,1 смерці на 1000 народжаных жывымі дзяцей увайшла ў дзясятку краін, дзе гэты паказчык адзін з самых нізкіх. Лідары — Славенія і Сінгапур, а ўсяго ў спісе 227 дзяржаваў. Прычым нашыя суседзі па гэтым рэйтынгу — зусім не Расія, як кажа Чуканаў, а Швецыя і Бермуды. Расія ж займае месца ў сёмым дзясятку з паказчыкам 6,5 смерці на 1000 жыванароджаных.
— Гэта ўсё (паказчыкі Беларусі. — Заўв. рэд.) дзякуючы той увазе, якая надавалася неабходнасці ўвядзення за дзяржаўны кошт, то-бок даступнага ўсім катэгорыям насельніцтва, УГД. Яго трэба праходзіць у абавязковым парадку, — тлумачыць Чуканаў. — Ёсць такія [цяжарныя], якіх мы вымушаныя браць за руку, яны кажуць: «Ой не, гэта ж так шкодна, так небяспечна, я пра гэта чытала». Карысць у тым, што мы можам своечасова знайсці такія прыкметы і прызначыць тэрапію, нейкі прэпарат або крыху па-іншаму павесці цяжарнасць, каб дзіця наогул нарадзілася — гэта раз, каб мінімізаваць наступствы, калі раптам там нешта не так, каб унутрычэраўна яго вылечыць і даць яму нарадзіцца паўнавартасным здаровым.
Таксама рэктар ВДМУ расказвае, што дародавай дыягностыцы з дапамогай УГД ён вучыўся ў Расіі, калі яна толькі з’явілася. Там яго «заразілі» гэтым кірункам, таму, вярнуўшыся ў Беларусь, ён пачаў укараняць гэты досвед тут.
— Павучыўшыся ў Маскве прэнатальнай дыягностыцы (дародавай. — Заўв. рэд.), мы стварылі ў сваёй паліклініцы (у якой ён у той час працаваў. — Заўв. рэд.) першы ў Мінску кабінет скрынінгу, і ўсіх без выключэння цяжарных, якія станавіліся на ўлік у жаночай кансультацыі, мы глядзелі на УГД. У РНПЦ «Маці і дзіця» праводзілася высокакваліфікаванае даследаванне, а мы зрабілі менавіта скрынінгавую мадэль і глядзелі цяжарных трохразова. Мы распрацавалі методыку, у тым ліку і сістэму ўліку: дзе трэба глядзець, што трэба глядзець, якія тэрміны — узяўшы за ўзоры найлепшыя сусветныя мадэлі. У выніку ў нас цяпер трохразовы скрынінг бясплатна за кошт дзяржавы, а на Захадзе гэта далёка не ў кожнай развітай краіне.
Паводле Чуканава, цяпер у Беларусі магчымасці для такой дыягностыкі ёсць у кожнай цэнтральнай раённай бальніцы, і «іх, здаецца, каля 70−80 па ўсёй краіне».
Дадамо, што Славенія і Сінгапур дабіліся лепшых вынікаў па дзіцячай смяротнасці, рэкамендуючы сваім жыхаркам ўсяго два абавязковыя для ўсіх УГД. Усё таму, што на гэты паказчык уплывае не толькі дыягностыка паталогій падчас цяжарнасці, але і, да прыкладу, траўмы падчас родаў, заражэнне інфекцыямі. У той жа Расіі жанчын таксама адпраўляюць на тры УГД, як і ў Беларусі, аднак месцы нашай і суседняй краіны ў рэйтынгу істотна адрозніваюцца.
Чаму такіх УГД няма ў «кожнай развітай краіне» (але шмат дзе насамрэч ёсць)
У палітыцы скрынінгу ў розных краінах Еўропы існуюць вялікія адрозненні. Часта гэта абумоўлена арганізацыйнымі і культурнымі фактарамі. У некаторых краін ёсць нацыянальныя праграмы скрынінгу для выяўлення сіндрому Даўна з дапамогай УГД, у іншых — не.
Пра такія адрозненні ў падыходзе да вядзення цяжарнасці расказвала «Люстэрку» беларуска, якая нараджала і ў Беларусі, і ў Польшчы. У апошняй УГД робіцца не абавязкова, а на жаданне жанчыны. Доктарка-неанатолаг з Беларусі, якая таксама пераехала ў Польшчу і пачала працаваць там, адзначала: з улікам забароны на аборт некаторыя жанчыны адмаўляюцца ад такой дыягностыкі ў прынцыпе, бо нават калі ў плода ёсць паталогіі, цяжарнасць перапыніць усё роўна немагчыма.

У Ісландыі ж, наадварот, УГД на ранніх тэрмінах шырока выкарыстоўваецца і стала часткай культуры вядзення цяжарнасці. Аднак навукоўцы заўважаюць: пытанне таго, спрыяльная гэта з’ява ці прыкмета залішняй медыкалізацыі і злоўжывання медыцынскімі рэсурсамі, застаецца прадметам дыскусіі.
У шырокім сэнсе медыкалізацыяй называюць працэс, падчас якога адбываецца распаўсюд уплыву медыцыны на іншыя сферы грамадскага жыцця. У вузкім — калі цалкам звычайныя станы чалавека разглядаюцца як медыцынскія праблемы, што патрабуюць ўмяшання дактароў.
Беларусь — не адзіная краіна ў Еўропе, дзе цяжарным прапануюць тры стандартныя УГД «бясплатна» (на самай справе яны ўжо аплачаныя ўнёскамі ў фонд сацстрахавання). У Германіі такіх абследаванняў за кошт дзяржбюджэту таксама тры — але жанчыны могуць ад іх адмовіцца: як ад аднаго этапу, так і наогул ад усіх трох. Асноўная мэта гэтых абследаванняў — вызначыць, ці нармальна працякаюць цяжарнасць і развіццё дзіцяці.
— Дактары абавязаны абмяркоўваць перавагі і недахопы УГД перад яго правядзеннем. Кожная цяжарная жанчына мае права не праходзіць адно або ўсе УГД без тлумачэння прычын, — пішуць спецыялісты з нямецкага Інстытута якасці і эфектыўнасці аховы здароўя (там ацэньваюць медыцынскія працэдуры на прадмет якасці і неабходнасці).
Пры гэтым у Еўропе ёсць краіны, дзе наогул распаўсюджанае празмернае выкарыстанне УГД да родаў. Да іх адносіцца Францыя, дзе да шасці такіх даследаванняў прызначаюць жанчынам, цяжарных першым дзіцем, і тым, чый даход дазваляе аплачваць такія даследаванні ў прыватным парадку. Хоць паводле нацыянальных рэкамендацый у гэтай краіне адэкватнай колькасцю УГД лічыцца тры; чатыры-пяць — ужо вялікай, а шэсць — празмернай. Зрэшты, на думку французскіх навукоўцаў, у першую чаргу ўсё ж мусіць улічвацца не «стандарт», а індывідуальныя патрэбы жанчын і даступныя медыцынскія рэсурсы.
Што да ЗША, то там наогул няма такога паняцця, як абавязковае УГД. Гэтае абследаванне прызначаюць цяжарным толькі пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў.
— Аднак варта прайсці хаця б адно стандартнае абследаванне падчас цяжарнасці, якое звычайна праводзіцца на 18−22 тыдні, — раяць эксперты з Амерыканскай асацыяцыі акушэраў і гінеколагаў (ACOG). — Некаторыя жанчыны праходзяць УГД у першым трыместры цяжарнасці, хоць у такім выпадку яшчэ занадта рана, каб падрабязна разгледзець, як развіваецца плод. Ультрагукавое абследаванне, якое праводзіцца на такім раннім тэрміне, выкарыстоўваецца толькі для вызначэння наяўнасці генетычных захворванняў, колькасці плодаў, вызначэння пульса і гэтак далей.
Ці бяспечныя УГД падчас цяжарнасці, калі рабіць іх часта
Паводле спецыялістаў ACOG, на сёння няма ніякіх доказаў таго, што УГД нясе рызыку для плода.
— Аднак не выключана, што ў будучыні такія эфекты могуць быць выяўленыя, — дадаюць медыкі.
Менавіта з гэтай прычыны дактары рэкамендуюць праводзіць ультрагукавыя даследаванні толькі па медыцынскіх паказаннях, агучаных кампетэнтнымі спецыялістамі. Рабіць УГД «проста так» падчас цяжарнасці амерыканскія прафесіяналы не раяць.

Некаторыя дактары таксама папярэджваюць, што УГД не варта лічыць працэдурай на 100% без рызыкі, асабліва калі яно праводзіцца без медыцынскіх паказанняў. Галоўная асцярога заключаецца ў тым, што энергія ультрагукавых хваляў награвае тканкі (як вашыя, так і плода), што можа нейкім чынам паўплываць на іх у будучыні.
— Амерыканская асацыяцыя акушэраў і гінеколагаў ясна дае зразумець, што энергія, якая падаецца плоду, не можа лічыцца абсалютна бяспечнай. Існуе імавернасць таго, што пры няправільным выкарыстанні ультрагуку могуць узнікнуць непажаданыя наступствы, — кажа акушэр-гінеколаг з ЗША Мішэль Хакаха.
Адно даследаванне таксама паказала, што УГД змушае плод варушыцца. Паколькі эмбрыён часцей за ўсё спіць ва ўлонні мамы, то гэта можа яго будзіць. На думку навукоўцаў, калі часта так рабіць, гэта наўрад ці пойдзе на карысць.
Акрамя таго, лічыцца, што шматлікія абследаванні прыводзяць да псіхалагічных наступстваў для маці, якія могуць негатыўна адбіцца на дзіцяці. Асаблівы ціск адчуваюць жанчыны ў першым трыместры цяжарнасці, калі іх узровень трывожнасці вышэйшы. Даследчыкі заўважаюць, што дактарам варта быць больш асцярожнымі да пацыентак, каб знізіць такі эфект. На практыцы ж — у дзяржаўных медустановах Беларусі асабліва — гэта не заўсёды так.
Аўтары яшчэ аднаго даследавання адзначаюць, што УГД падчас цяжарнасці сталі праводзіцца ў розных краінах усё часцей. І гэта нягледзячы на даволі абмежаваныя доказы таго, што карысць ад скрынінгу пераважвае рызыкі.
— На самай справе сур’ёзныя адхіленні, выяўленыя падчас УГД, звязаныя з павышанай трывожнасцю ў будучых маці, а трывожнасць, у сваю чаргу, павялічвае рызыку неспрыяльных вынікаў цяжарнасці, — тлумачаць навукоўцы.
Прычым даволі часта здараецца так, што вынікі УГД аказваюцца не да канца яснымі, або няпоўнымі, або паказваюць нейкія нязначныя адхіленні. Але гэта ўсё роўна вядзе да таго, што трывожнасць у маці сур’ёзна ўзрастае, нават пры ўмове агульнага добрага прагнозу цяжарнасці.
Акрамя таго, няясныя вынікі такіх абследаванняў могуць прывесці да таго, што спатрэбяцца дадатковыя, а гэта запатрабуе шмат часу або намаганняў. Усё гэта можа мець далёкія наступствы для маці і дзіцяці, з якімі цяжка будзе справіцца.
Бывае і наадварот — ультрагукавое абследаванне можа стварыць уражанне, што плод развіваецца нармальна, хоць на самай справе праблемы ёсць. Тады будучыя бацькі памылкова лічаць, што іх дзіця здаровае, а потым «могуць адчуць сапраўдны шок, калі яно народзіцца з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем», пішуць нямецкія медыкі. Як і ўсе астатнія дыягнастычныя даследаванні, УГД можа даваць ілжывыя вынікі.
У цэлым на пытанне, колькі працэдур УГД бяспечна падчас цяжарнасці, адназначнага адказу няма нават у прафесійнай супольнасці. Большасць медыкаў сыходзіцца ў меркаванні, што калі ёсць паказанні, то даследаванне варта зрабіць і турбавацца няма пра што. А вось ад любых неабавязковых УГД (напрыклад, калі прыватныя цэнтры прапануюць вызначыць пол ці, напрыклад, зрабіць здымак малога ва ўлонні на памяць), лепш адмовіцца.
— Ультрагукавое даследаванне варта праводзіць толькі ў тых выпадках, калі неабходная медыцынская інфармацыя пра цяжарнасць, — папярэджвае Хакаха.
Хоць гэты тэкст напісаны на аснове аўтарытэтных медыцынскіх крыніц, яго нельга прыраўноўваць да кансультацыі доктара. У кожнага чалавека ёсць свае асаблівасці, таму заўсёды варта кансультавацца з прафесіяналам, якому вы давяраеце.