Некаторыя прафесіі знаходзяцца на мяжы вымірання на фоне развіцця тэхналогій і штучнага інтэлекту. Успамінаем фактычна «вымерлыя» з іх, пра якія далёка не ўсе маглі ведаць ці памятаць. А нядаўна «Люстэрка» расказвала, якія прафесіі могуць стаць непатрэбнымі ў найбліжэйшыя пяць гадоў.

Аператар міжгародняй сувязі (тэлефаніст)
Можна сказаць, гэта была чыста жаночая прафесія. Тэлефаністкі адказвалі на званкі з дапамогай камутатараў, якія ўяўлялі сабой ручныя тэлефонныя сістэмы. Работніцы даведваліся, куды чалавек тэлефануе, і звязвалі з адрасатам. Першапачаткова так працавалі ўсе лініі, але пазней сістэма засталася толькі на міжгародняй і міжнароднай сувязі.
Патрэба ў іх адпала, калі лічбавыя тэлефоны пачалі замяняць камутатары. Прафесія знікла прыкладна ў 1980-х гадах з развіццём лічбавых тэлефонаў.
Кінамеханік, кінапраекцыяніст
Раней у кінатэатрах былі высокакваліфікаваныя тэхнічныя спецыялісты, якія намотвалі, запраўлялі і кіравалі праекцыйным абсталяваннем. Гэта быў ключавы работнік, які сачыў за якасцю паказу, заменай бабінаў, фокусам і гукам.
Прафесія кінапраекцыяніста пачала знікаць з канца 2000-х гадоў і практычна адышла ў мінулае да сярэдзіны 2010-х. Асноўная прычына — пераход кінатэатраў з плёнкавых праектараў на лічбавыя.
Спецыялісты па пракаце відэакасет
Такія работнікі былі ў крамах, якія здавалі ў арэнду і прадавалі касеты для відэасістэм для дома (VHS), а пазней DVD-дыскі. У іх абавязкі ўваходзіла запаўненне паліц, дапамога кліентам у пошуку фільмаў і прыняцце аплаты. Гэтыя работнікі таксама перамотвалі відэакасеты з канца на пачатак, калі гэтага не зрабілі кліенты.
У нейкай ступені гэтыя крамы можна назваць «прабацькамі» сучасных стрымінгавых сэрвісаў (накшталт Netflix). За выключэннем таго, што яны давалі ў пракат чужую прадукцыю, але самі не стваралі фільмы.

Праяўляльнікі фотастужкі
Многія могуць памятаць, што раней усе фатаграфіі, якія рабіліся на фотакамеру ў адпачынку, нельга было адразу выкласці ў інтэрнэт. Па-першае, не было куды — да Facebook і Instagram яшчэ далёка. Па-другое, фотаапараты былі плёнкавымі. Фотакасету з адзнятай плёнкай трэба было аднесці ў спецыяльнае атэлье, дзе праяўлялі плёнку і друкавалі здымкі.
Фоталабараторыі існуюць дагэтуль. І ёсць людзі, якія праяўляюць, але гэта засталося ў асноўным як хобі фатографаў. Цяпер фотаатэлье вельмі рэдка аказваюць паслугу па праяўцы плёнкі і друку з яе фота.

Наборшчыкі тэксту
Раней такія спецыялісты былі ў друкарнях, рэдакцыях і офісах, асабліва да эпохі шырокага распаўсюду камп’ютараў. Але з ростам даступнасці і папулярнасці персанальных камп’ютараў, тэкставых рэдактараў і тэхналогій распазнання тэксту (OCR), а таксама ростам агульнай камп’ютарнай пісьменнасці такая праца паступова страціла актуальнасць.
Прафесія практычна знікла, хоць асобныя задачы па наборы тэксту дагэтуль выконваюцца ў архіўнай працы ці судаводстве.
Качагары паравозаў
Гэта памочнік машыніста, які абслугоўваў паравую машыну, забяспечваючы бесперапыннае гарэнне паліва ў топцы паравоза. Ад яго працы залежалі магутнасць і хуткасць цягніка.
У сярэдзіне XX стагоддзя пачаўся паступовы пераход ад паравозаў да электравозаў. У 1970-х прафесія перастала быць масавай. У свеце паравозы даўжэй захоўваліся на запасных лініях, шахтах і ў краінах, якія развіваюцца, — да 1980−1990-х.

Тым не менш у Беларусі дагэтуль існуе прафесія качагара кацельні. Яго праца заключаецца ў падтрыманні пэўнай тэмпературы спецыяльнага катла, за кошт якога абаграваюцца вагоны цягніка. Гэтай прафесіі нават спецыяльна вучаць.