У Беларусі прадаюць мінскае прадпрыемства «Белгідраўліка». Яго ўладальнік — Сяргей Рамановіч, чый іншы актыў — фірма «Ніва-Холдынг» — адзін з найбуйнейшых вытворцаў горна-шахтавага абсталявання на постсавецкай прасторы.

«Белгідраўліка» — рэзідэнт свабоднай эканамічнай зоны «Мінск», працуе з 2001 года і выпускае больш за 20 відаў прадукцыі. Сярод іншага — гідраўлічную апаратуру, помпавыя станцыі, трансфарматарныя падстанцыі і іншае абсталяванне. Сярод яе кліентаў — «Беларуськалій», БЕЛАЗ, «Уралкалій», «Северсталь» і кампаніі з Казахстана, Украіны і іншых краін СНД.
На продаж выстаўленае прадпрыемства цалкам. У абвестцы гаворыцца, што гэта дзейны бізнес з развітай кліенцкай базай і гатовай інфраструктурай. Завод размяшчаецца на ўчастку плошчай 1,12 гектара і ўключае два вытворчыя карпусы. Кошт — 14 млн 854 тыс. рублёў.
Што вядома пра ўладальніка
Як піша выданне «Беларусы і рынак», Сяргей Рамановіч — адзін з дасведчаных прадпрымальнікаў Салігорска. У 1990-х ён пачаў з абслугоўвання тэхнікі «Беларуськалія», дзе раней працаваў. З часам яго бізнес вырас у буйны холдынг, які ўключае больш за 15 прадпрыемстваў у розных гарадах Беларусі і сетку сэрвісных кампаній у Расіі. Цяпер кіраваннем займаецца яго сын Аляксандр.
Пасля ўвядзення санкцый супраць Расіі і сыходу заходніх кампаній «Ніва-Холдынг» актыўна нарошчвае прысутнасць на расійскім рынку. Сярод кліентаў — буйныя вугальныя і металургічныя кампаніі, а таксама вытворцы ўгнаенняў і золата, у тым ліку «Полюс». Для абслугоўвання тэхнікі холдынг развівае сэрвісныя падраздзяленні ў рэгіёнах Расіі.
У 2024 годзе Сяргей Рамановіч увайшоў у топ-100 самых паспяховых бізнесоўцаў Беларусі, заняўшы 91-е месца.