Хаця салігарчанін Аляксандр Гойшык ужо скончыў сваё падарожжа вакол света, яму яшчэ ёсць, пра што распавядаць. Мінулым прыпынкам, пра які пісаў вандроўнік, быў Узбекістан, а пасля, напрыканцы кастрычніка 2024-га, беларус накіраваўся ў краіну, з якой цяпер наладжвае кантакты Лукашэнка. Пра ісламскую культуру, вялікую колькасць мігрантаў, моцныя кантрасты і дарагую пітную ваду ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах чытайце ў ягоным дзённіку для «Люстэрка».

Абу-Дабі: мячэць з крышталікамі Swarovski, «начныя матылькі» і знаёмства з працоўнымі мігрантамі
Палёт з Ташкента ў Абу-Дабі заняў каля трох гадзін. Адразу па прылёце мяне ўразіла маштабнасць і сучаснасць аэрапорта — сапраўдны гіганцкі хаб. Людзей — мора. Усё віравала: пасажыры з усяго свету, вялізныя чэргі, гоман на розных мовах. Пашпартны кантроль цягнуўся даволі доўга. Мытнікі таксама правяралі мяне старанна — асабліва пабачыўшы ў пашпарце афганскую візу і пячаткі Пакістана. Запытвалі, хто я, чаму прыехаў, што маю з сабой. Уважліва праверылі мой багаж, асабліва звярталі ўвагу на лекі і вітаміны. Але ўсё ветліва і карэктна.
І вось я афіцыйна ступіў на эмірацкую зямлю.
Асабліва кідаліся ў вочы паломнікі-мусульмане, што прыляталі з розных краін, каб здзейсніць хадж (пяты стоўп іслама, паломніцтва ў Меку ў пэўны час года. — Заўв. рэд.). Абу-Дабі і Дубай — адны з ключавых транзітных пунктаў на гэтым шляху. Сюды прасцей за ўсё знайсці танныя рэйсы, а далей — аўтобусамі ў Меку, у Саудаўскую Аравію. Гэта цэлая індустрыя, бо хадж абавязковы для кожнага мусульманіна, калі толькі здароўе і фінансы дазваляюць.
У гэты час у аэрапортах асаблівая атмасфера: стомленыя, але ўрачыстыя твары. У іх не толькі стомленасць, але і ўнутраная сіла. Кожны з тых, хто прыляцеў, каб здзейсніць хадж, перажывае сваю асабістую падрыхтоўку да аднаго з самых важных духоўных выпрабаванняў у жыцці. Сапраўды адчуваецца, што людзі тут — на шляху да нечага вялікага і святога.

Мужчыны апранаюць спецыяльнае белае адзенне — два нешытыя кавалкі тканіны, вядомыя як вопратка для стану іхрам (асаблівы стан духоўнай чысціні, у які ўваходзіць мусульманін, які здзяйсняе хадж. — Заўв. рэд.). Жанчыны ж апранаюцца значна больш сціпла — звычайна ў простыя доўгія сукенкі і хусткі, часта чорнага колеру, што сімвалізуе пакору і ўнутраную чысціню. У адрозненне ад мужчын, яны не маюць адмысловага адзення для іхраму, але таксама знаходзяцца ў стане духоўнай падрыхтоўкі. Іх позіркі часта спакойныя, засяроджаныя, у вачах бачна як павага, так і надзея. Асабліва ўражвае тое, як у гэтым моры людзей жанчыны падтрымліваюць адна адну, дапамагаюць трымаць дзяцей, дзеляць ежу і ваду — невялікія моманты ўзаемадапамогі, якія робяць цяжкі шлях лягчэйшым.
Абу-Дабі — сталіца Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Але, хоць гэта палітычны і адміністрацыйны цэнтр краіны, самы вядомы і ўплывовы горад, безумоўна, Дубай — пра яго я распавяду асобна, крыху пазней. Гэта нібыта асобны горад-краіна, як Ганконг ці Сінгапур.
У сталіцы ж на першую ноч мяне чакаў хост з Інданезіі. Напісаў яму адразу пасля пасадкі, і ён хутка адказаў, каб я дабіраўся да горада — сустрэнемся там. Дарэчы, нечаканая асаблівасць: у Эміратах, як і ў іншых краінах Персідскага заліва, WhatsApp блакуе галасавыя званкі. Напісаць у месенджары можна, а вось патэлефанаваць — не. То бок, каб мець магчымасць паразмаўляць голасам, давялося падключаць VPN. Гэта быў першы невялікі шок у плане камунікацыі.


Што тычыцца грамадскага транспарту ў Абу-Дабі, то ён, на жаль, аказаўся далёкім ад ідэалу, асабліва калі спрабуеш даехаць з аэрапорта. Я планаваў дабірацца на аўтобусе, але першы рэйс проста не прыехаў, а другі быў перапоўнены. Пасля доўгага чакання мне параілі скарыстацца іншым маршрутам.
Так дабраўся да галоўнай мячэці шэйха Зайда — найбуйнейшай у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і адной з найвялікшых у свеце. Яна ўражвае сваёй веліччу і хараством. Таксама тут знаходзіцца самы вялікі ў свеце дыван плошчай больш за пяць тысяч квадратных метраў (гэта не нашмат менш, чым плошча футбольнага поля). Мячэць пабудавана з выкарыстаннем рэдкіх і дарагіх матэрыялаў: мармуру, золата, крышталяў і каштоўных камянёў, што надае ёй раскошу і непаўторны выгляд. Адметна, што ўнутры ўсталявана адна з найбуйнейшых у свеце жырандоляў, упрыгожаная золатам і крышталікамі Swarovski.
Аднак, шчыра кажучы, гэтая мячэць хутчэй нагадвала спарткомплекс, чым храм. Велізарная, з мноствам сувенірных крамаў і кавярняў на падземным паверсе. Мне нават дазволілі прайсці ў шортах, што стала поўнай нечаканасцю. Таму асаблівай рэлігійнай ўзнёсласці я, прызнаюся, амаль не адчуў.
Супрацьлегласцю гэтай масіўнасці было мноства паломнікаў: людзей з сур’ёзным і засяроджаным выглядам, настроеных на духоўнае. Усё выглядала вельмі арганізавана: шмат працоўных і ахоўнікаў, пераважна эмігрантаў з Індыі, Бангладэша і Пакістана, якія падтрымлівалі парадак у гэтай вялікай і складанай інфраструктуры.

Агус, мой хост з Інданезіі, — інжынер у адной з вельмі прэстыжных кампаній, ужо даўно жыве ў Эміратах. Раней яго сям’я была тут разам з ім, але ён адправіў дзяцей вучыцца на радзіму — гэта значна танней, ды і родную мову вывучаць лепш. Ён забраў мяне з мячэці і запрасіў на вечарыну са сваімі сябрамі, таксама інданэзійцамі. Мы паехалі ў адзін з караоке-бараў. Там выступалі музыкі з Філіпінаў — сапраўдная жывая музыка і класная атмасфера.
Цікава, што мігранты з Філіпінаў вельмі распаўсюджаныя ў нафтавых манархіях Персідскага заліва, асабліва як настаўнікі, офісныя супрацоўнікі, медыкі і спецыялісты сярэдняга звяна. Гэта адрознівае іх ад мігрантаў з Індыі і Пакістана, якія часцей за ўсё працуюць рукамі — у будаўніцтве, лагістыцы і іншых фізічна цяжкіх сферах.
У караоке-бары мы прасядзелі пару гадзінаў, шмат размаўлялі пра ўсё на свеце. Хлопцы вельмі цікавіліся маім падарожжам, асабліва інданезійскай яго часткай. Ім вельмі хацелася пачуць пра мае ўражанні ад іх краіны — пра культуру, людзей, звычаі, ежу. Расказваў, як хварэў, як мяне падманвалі на Балі, каб выцягнуць больш грошай. Пра бясконцае падарожжа аўтобусам, цэлых двое сутак. Пра цікавых людзей, якіх сустрэў. Размовы ішлі лёгка, час ляцеў хутка, а хлопцы слухалі пра мае прыгоды, раскрыўшы рты.

Пакістанская гасціннасць і невыносная спёка
На наступную раніцу мяне чакаў ужо іншы гаспадар, Мухамед. Хлопец з Пакістана папрасіў прыйсці да яго рана, каб пакінуць мне ключы ад пакоя — сам ён мусіў паехаць у Дубай па справах на ўвесь дзень. Аказалася, ён жыве ў звычайным інтэрнаце для працоўных мігрантаў, дзе ў невялікіх памяшканнях спіць каля дзесяці чалавек. Мне пашчасціла: Мухамед дзяліў пакой толькі з адным сябрам-земляком, іншыя двух’ярусныя ложкі былі вольныя. Яны паехалі ў Дубай, пакінулі мне ключы і сказалі адчуваць сябе як дома. Такі давер да чалавека, якога хлопцы бачылі першы раз у жыцці і ўсяго пяць хвілін, быў вельмі цёплым і нечаканым. Увогуле гэта незвычайны досвед — убачыць, у якіх умовах жывуць гастарбайтэры і рабочыя ў краінах Персідскага заліва.
Абу-Дабі — не асабліва цікавае месца для турыста. Тут не так шмат славутасцяў: ёсць, напрыклад, музей Ferrari World — вялізны забаўляльны парк у стылістыцы італьянскага вытворцы суперкараў і музей, але ён каштуе нямала і мяне асабліва не прыцягнуў.
Крыху пагуляў па цэнтры горада — і адразу адчуў, як моцна пячэ сонца. Хаця гэта быў канец кастрычніка, спёка ўсё адно стаяла жудасная. Не магу нават уявіць, як людзі тут жывуць у самы разгар лета. Напэўна, акрамя як каля кандыцыянера, на вуліцы амаль немагчыма знаходзіцца. Потым распытваў нашых беларусаў з Эміратаў, як ім жывецца ў такім пекле. Адказ, як у тым жарце: «Спачатку было нязручна, а пасля прывык — думаў, што так і трэба!» Жыццё тут ідзе паміж кандыцыянерам у машыне і кандыцыянерам дома. Гуляць лепш ужо ўвечары, калі сцямнее і становіцца трохі халадней, бо інакш проста немагчыма.


Што датычыцца жыцця мігрантаў, то большая частка працоўнай сілы ў Эміратах — гэта людзі з іншых краінаў: Індыі, Пакістана, Бангладэша, Філіпінаў і гэтак далей. Шмат хто з іх працуе ў будаўніцтве, лагістыцы, ахове здароўя, адукацыі, а таксама ў сервіснай і гасцінічнай сферах. Жыццё ў інтэрнатах і спецыяльна арганізаваных жылых комплексах часта бывае складаным — маленькія пакоі, шматлюднасць, базавыя ўмовы, праблемы з санітарыяй. Але для многіх гэта — часовы этап, які дазваляе зарабіць і падтрымліваць сям’ю дома, адкрываючы магчымасці для лепшай будучыні.
Безумоўна, адразу кідаюцца ў вочы кошты — тут значна даражэй, чым у Пакістане ці Узбекістане. Але ў крамах агромісты выбар прадуктаў з усяго свету. Купіць сім-карту таксама нятанна. Дарэчы, пазней нашыя беларусы падказалі мне карысны лайфхак — значна танней і прасцей падключыць eSIM, электронную сім-карту. Дзякуючы гэтай парадзе я добра зэканоміў на мабільнай сувязі ва ўсіх краінах Персідскага заліва і нават у Іраку. Не кажучы ўжо пра час і высілкі — усё падключаецца праз два клікі ў мабільным дадатку (калі ваш смартфон падтрымлівае такую тэхналогію). Пагадзіцеся, які кайф: адна eSIM на ўсю Еўропу ці нават на ўвесь свет!
Пагуляў па горадзе, але асаблівага ўражання Абу-Дабі не пакінуў — звычайны вялікі горад, без якіх-небудзь асаблівых турыстычных «фішак». Гэта больш адміністрацыйны цэнтр з дзяржаўнымі ўстановамі і музеямі. Увечары пакупаўся, але пасля заходу сонца ратавальнікі ўжо не пускалі ў ваду. Можна было толькі гуляць і атрымліваць асалоду ад прыемнай прахалоды. Гэта нагадала мне Картахену ў Калумбіі, дзе пляж таксама зачынялі а 18-й вечара, бо пасля гэтага часу паліцыя скончвае тут службу і не гарантуе бяспеку наведвальнікам.
Дубай: пагружэнне ў мазаіку люкса і незвычайнае знаёмства з беларусамі
На наступны дзень я ўжо ехаў у Дубай камфортным аўтобусам — ад Абу-Дабі датуль гадзіна дарогі. Не хацеў ехаць аўтаспынам, бо чытаў розныя водгукі — нібыта і сам ён тут забаронены, і што гэта цяжка і — галоўнае — не танна выбрацца да самога выезда з Абу-Дабі. У Дубаі мяне высадзілі каля велізарнага гандлёвага цэнтра, дзе я чакаў, пакуль мой хост скончыць працу. Па прыедзе таксама купіў мясцовы праязны, які дзейнічае на ўсю сетку грамадскага транспарту ў горадзе — вельмі зручна і практычна.

У Дубаі нібы патрапляеш у гіганцкую мазаіку шыку: высокія хмарачосы, раскошныя гандлёвыя цэнтры і штучныя астравы. Жыццё бурлівае, турыстычная інфраструктура развіта добра, і ўвесь горад нібы з фільма пра будучыню. Нават гандлёвы цэнтр, дзе мяне высадзілі, — проста жахліва вялікі, і кожнае яго крыло аформлена ў розных стылях антычнасці. Там ёсць супермаркет Carrefour, дзе я знайшоў вялікі стэлаж з прадуктамі ўсюдыіснага «Санта-Брэмара».
Нітын, мой хост, аказаўся вельмі прыязным айцішнікам з Індыі, які працуе ў Дубаі ўжо некалькі гадоў. Ён частаваў мяне індыйскай ежай, і мы доўга размаўлялі пра маё падарожжа, пра Індыю. Я шчыра прызнаўся, што яго краіна мне не асабліва зайшла: уражанні былі вельмі моцныя, але далёка не заўсёды прыемныя.



Цікава было слухаць ягоныя гісторыі пра асабістае жыццё: сказаў, што тут, у Дубаі, вельмі складана знайсці жонку. Ён пакуль адзін, і гэта яго крыху засмучае. Хацелася б ажаніцца, але магчымасцяў не так шмат, а дома таксама знайсці пару няпроста. Па ягоных словах, у сучаснай Індыі большасць шлюбаў адбываюцца па дамоўленасці паміж бацькамі маладых, што яму зусім не падыходзіць. А каб сустрэць кагосьці і закахацца, проста няма часу. Было вельмі цікава пачуць гэтую шчырую адкрытасць, якая часта застаецца за кадрам у паўсядзённым імклівым жыцці.
У ААЭ, асабліва ў Дубаі, шмат беларусаў. Мяне дадалі ў WhatsApp-чат, дзе я, як звычайна, напісаў: «Прывітанне! Я падарожнік з Салігорска, еду вакол свету. Буду рады пазнаёміцца, расказаць пра падарожжа. Калі хтосьці зможа прыняць — цудоўна, калі не — буду рады проста сустрэчы». Але ж, да майго здзіўлення, людзі паставіліся вельмі насцярожана. Некалькі чалавек напісалі ў прыват, маўляў: «Ты, прабач, экстрэміст, з усіх гэтых бел-чырвона-белых. Мы тут у Беларусь ездзім, а ты такое посціш!» Ого, я ж проста хацеў пазнаёміцца… Гэта быў трошкі шок — асабліва пасля ЗША ці Аўстраліі, дзе беларусы былі адкрытыя і лёгкія ў зносінах. Хоць, вядома, нікога не асуджаю — разумею, чаму людзі баяцца.
Але знайшоўся адзін хлопец — Дзяніс з Гродна. Ён напісаў па-беларуску, што прыняць не можа, здымае зусім маленькую кватэрку. Затое з радасцю пакажа горад і пачастуе смачным абедам. А калі не знайду, дзе спыніцца, — гатовы нават аплаціць хостэл. Вось яна, сапраўдная беларуская гасціннасць!

Дзяніс павазіў мяне па горадзе, паказаў шмат цікавага, у тым ліку знакамітыя штучныя Пальмавыя выспы. Узровень раскошы там проста зашкальвае! З’ездзілі ў філіпінскі буфет: плаціш 10−15 долараў і еш, колькі ўлезе. Гэта быў сапраўдны рай для жывата! Я любіў такія буфеты ў ЗША, толькі там яны звычайна былі кітайскімі.
Дзяніс аказаўся класным хлопцам, цікавым суразмоўцам з пачуццём гумару. Расказаў, як пераехаў, што працуе прыватным настаўнікам музыкі, няблага зарабляе, часам грае ў кавер-бэндзе, забраў сюды сям’ю. Жыццё памянялася да лепшага — і ён глядзіць у будучыню з аптымізмам. У той вечар Дзяніс быў заняты, але мы дамовіліся сустрэцца на наступны дзень на… дранік-вечарыну!
Калі спала спёка, я пагуляў па горадзе адзін. Часам здавалася, што я ў будучыні (ужо другі раз у гэтым падарожжы!). Знакамітая Бурдж-Халіфа — найвышэйшы хмарачос у свеце. Музей будучыні — проста нешта іншапланетнае! Футурыстычны дызайн, хочацца глядзець і глядзець. Але ўнутр не патрапіў — квіткі трэба браніраваць за два месяцы. То наступным разам.






Інтэрнацыянальны горад, хостэл-труна і салігорскі дранік'е ў дзеянні
Дубай уражвае зручнасцю: метро, аўтобусы — усё працуе дакладна і зладжана. Мне ён нагадаў Сінгапур ці Ганконг — гарады-дзяржавы, дзе пануе міжнародная супольнасць. Людзі з усяго свету, мовы: англійская, іспанская, нямецкая, кітайская. Шмат славянскіх твараў, часта чуеш рускую і ўкраінскую. Арабаў-эміратцаў меншасць — іх не так шмат на фоне гіганцкай колькасці працоўных з Індыі, Бангладэш, Філіпінаў і Пакістана. Шчыра кажучы, пакуль у пакістанцаў пад бокам ёсць багатыя нафтавыя манархіі Персідскага заліва з падобнай культурай і мовай, аднолькавай рэлігіяй і высокімі заробкамі — у халодную і бедную Беларусь іх ніякімі «запрашэннямі» не зацягнеш. Агулам усе мігранты складаюць каля 88% насельніцтва ААЭ!
У той самы вечар я дамовіўся сустрэцца са сваім зямляком з Салігорска, які ўжо даўно жыве ў Дубаі. Мы паехалі на начны пляж. У Дубаі ёсць пляжы, адкрытыя 24/7, яны асабліва папулярныя менавіта ноччу, калі спёка спадае і людзі масава выходзяць купацца. Усё асветлена, усё па-цывільнаму: кабінкі, душы, пітная вада, нават фантанчыкі. Атмасфера крутая, гарадская, але расслабленая. Мы прыемна правялі вечар, прыгадалі старых знаёмых, успомнілі Салігорск, нашую малую радзіму. Такія моманты вельмі грэюць душу, асабліва калі ты так далёка ад дома. І не ведаеш, калі зможаш туды вярнуцца…
На наступны дзень я зазірнуў у пакістанскі барбэршоп — за 3,5 долара мне зрабілі шыкоўную стрыжку і навялі прыгажосць. А калі даведаліся, што я быў у Пакістане, то нават налілі кубачак караку — салодкага моцнага чаю з малаком і спецыямі, вельмі папулярнага на ўсім Усходзе.

Вечарам мы забралі жонку Дзяніса, заехалі за прадуктамі, і я нарабіў цэлую талерку дранікаў з мачанкаю! Усе былі ў захапленні. Сапраўды, дранікі — гэта нейкая беларуская магія, якая злучае нашых людзей. Пасля смачнай вячэры Дзяніс выканаў некалькі сваіх аўтарскіх песень пра падарожжы, пра родны Гродна, пра жыццё. Гэта быў цудоўны, душэўны вечар. Мне нават падарылі беларускія шакаладкі — дробязь, а як прыемна!
На наступны дзень я пераехаў у хостэл за пяць долараў — самы танны, які толькі змог адшукаць (мой індыйскі хост з’язджаў, і трэба было знайсці нешта бюджэтнае). Тое, што я там убачыў, цяжка апісаць. Нагадвала працоўны інтэрнат у індустрыяльным раёне, на выгляд — капсульны хостэл, але замест капсул — жорсткія драўляныя скрыні ў трохпавярховых ложках, крыху падобныя да шафаў ці нават трунаў! Ніякай асабістай прасторы, каля паўтара квадратнага метра на чалавека. Толькі ложак, падлога — і сцены з фанеры, з якіх не выбрацца, калі ты клаўстрафоб. Але затое… танна! Хаця мяне ўжо нічым не напужаеш, асабліва пасля таго хостэла ў Ганконгу, які выглядаў, як камера на Акрэсціна.

Вельмі спецыфічны досвед: людзі з усяго свету, розныя лёсы, нечаканыя сустрэчы. Выйшаў папаліць — і раптам адзін хлопец азіяцкай знешнасці зірнуў на мяне, прасканаваў літаральна за тры секунды і спытаў:
— Ты што, па-руску гаворыш?
Аказалася, ён з Калмыкіі. Уцёк ад мабілізацыі у Расіі, прыехаў у Эміраты на апошнія грошы. Ужо ў першы дзень яго ашукалі — спачатку таксісты, потым у гатэлі. У выніку ён амаль без грошай, сядзіць у гэтым жа хостэле, гартае «Тэлеграм» у пошуках хоць якой працы. Моваў не ведае, у роспачы, але вяртацца — не варыянт.
— На вайну не пайду ні ў якім разе! — кажа.
Пачаставаў хлопца папіросай і пажадаў удачы.

У той жа дзень мы зноў сустрэліся з беларусамі. Дзяніс з жонкай яшчэ раз павезлі мяне паказаць горад. Заехалі ў Дубай Марыну — гэта маляўнічыя праменады на беразе штучнага канала, які злучаецца з Персідскім залівам. Высоткі, яхты, людзі з усяго свету, атмасфера сучаснасці. Потым пагулялі па старым горадзе — зусім іншы настрой: вузкія вулачкі, сувенірныя крамкі, тынкаваныя сцены. Дарэчы, менавіта там адно з нешматлікіх месцаў у Дубаі, дзе ёсць бясплатная пітная вада. А ўвогуле яна ў ААЭ зусім не танная. Кожны такі фантанчык — сапраўдная раскоша.
Вось развітвацца ўжо час
Усяго ў Эміратах я правёў крыху менш за тыдзень. І вось надышоў час ехаць далей — наперадзе Аман.
Да памежнага гарадка Аль-Айн я даехаў прыгарадным аўтобусам, адтуль — аўтаспынам. Да КПП мяне падвёз дзядзька на грузавіку… з верблюдамі! Вось табе і Эміраты — з хмарачосаў у сапраўдную пустыню. Але на мяжы мяне чакала неспадзяванка: аказваецца, пешшу яе пераходзіць нельга. А машыны праязджаюць рэдка, ды й мала хто спяшаецца падбіраць незнаёмага турыста з заплечнікам. Сонца пячэ, вецер як з гарачага фена, паветра нібы вогненнае. Я ўжо пачаў трошкі хвалявацца… І тут — нібыта падарунак з неба, з’явіўся невялічкі грузавічок. Кіроўца махнуў рукой — і вось я ўжо еду па дарозе ў Аман.


Да пабачэння, ААЭ! Гэта было цікава і пазнавальна, некалі абавязкова вярнуся! Эміраты мяне здзівілі, і не толькі золатам і хмарачосамі. Так, тут можна выпіць чай-карак у барбершопе, сфатаграфавацца на фоне Бурдж-Халіфы, пакупацца на начным пляжы і пасяліцца ў хостэл, які крыху нагадвае… шафу. Або труну, залежыць ад настрою. І ўсё гэта — за адзін тыдзень!
Найбольш мне запомніліся не шопінг-молы, а людзі. Землякі з дранікамі і песнямі, хлопец з Калмыкіі, які ўцёк ад вайны, індыйскі хост з усмешкай і шчырымі размовамі, пакістанцы, якія пакінулі мне ключы ад свайго пакоя, пабачыўшы мяне ўпершыню ў жыцці. Дубай — гэта калі ўдзень ты ў пакістанскай цырульні, пасля на вячэры ў беларусаў, а наступнай раніцай ловіш аўтаспын і едзеш разам з вярблюдамі. Не ўсё золата, што блішчыць. Але часам нават золата прайграе дранікам з мачанкай і кубку гарбаты з сябрамі. У маім кругасветным падарожжы менавіта людзі — самая цікавая частка!