Эксперты кібербяспекі паведамілі пра адну з найбуйнейшых уцечак звестак у гісторыі — у інтэрнэце выявілі больш за 16 мільярдаў лагінаў і пароляў ад папулярных сэрвісаў. Даследчыкі сабралі інфармацыю з некалькіх масіўных базаў дадзеных, частка з якіх звязаная са шкоднасным ПЗ, паведамляе партал CyberNews.

Сярод злітых у сеціва ўліковых звестак — лагіны і паролі ад Apple, Google, Telegram, Facebook, GitHub і нават урадавых платформаў. Паводле інфармацыі спецыялістаў, гэтыя наборы ўяўляюць сабой не проста састарэлыя ўцечкі, а свежую, патэнцыйна небяспечную інфармацыю, якая можа быць выкарыстаная для ўзлому акаўнтаў, крадзяжу асабістых звестак і фішынгу (інтэрнэт-махлярства для атрымання канфідэнцыйных звестак).
Большасць базаў была знойдзеная на неабароненых серверах і была даступная непрацяглы час — але дастаткова, каб аналітыкі ў сферы кібербяспекі іх заўважылі. Пакуль няясна, хто менавіта іх скампіляваў. Памеры кожнай з уцечак вар’яваліся ад 16 мільёнаў да больш чым 3,5 мільярда запісаў. Сярэдні памер адной базы — каля 550 мільёнаў дадзеных.
Асаблівую трывогу выклікае тое, што такія ўцечкі з’яўляюцца рэгулярна — кожныя некалькі тыдняў — і ўтрымліваюць не толькі лагіны і паролі, але і розныя метададзеныя, што робіць іх асабліва небяспечнымі ў выпадку адсутнасці двухфактарнай аўтэнтыфікацыі і сістэмнай кіберабароны.
Карыстальнікам раяць тэрмінова мяняць паролі, асабліва калі яны супадаюць на розных сэрвісах, выкарыстоўваць двухфактарную аўтэнтыфікацыю і праверыць сістэмы на наяўнасць так званых інфастылераў — праграм, якія крадуць звесткі карыстальнікаў.
Чытайце таксама